У аграгарадку Абухава каля Гродна закладзены фундамент новага касцёла. Святыню будуюць па ініцыятыве вернікаў мясцовай парафіі благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі.
“Касцёл для католіка з’яўляецца домам: гэта дом Бога і наш другі дом. Да гэтага часу ў Абухаве не было каталіцкай святыні. А ў аграгарадку пражывае каля 300 католікаў, – прыводзіць newgrodno.by словы пробашча парафіі ксяндза Міхала Васількевіча. – На працягу дзесяцігоддзяў вернікі наведвалі касцёлы, як гаворыцца, хто дзе і ў асноўным па вялікіх святах. Інакш кажучы, не так часта, як ім хацелася б бываць у святыні”.
У 2018 г. мясцовыя жыхары звярнуліся да пробашча парафіі ў Жытомлі з ініцыятывай і жаданнем пабудаваць святыню ў сваім аграгарадку. Тады быў арганізаваны сход мясцовых католікаў, створана ініцыятыўная група і накіраваны ліст біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу з просьбай стварыць новую супольнасць. Пасля атрымання згоды парафіяне звярнуліся ў органы мясцовай улады, каб яе зарэгістраваць.
“У лістападзе 2018 года рэгістрацыя была аформлена, – кажа кс. Міхал. – Вядома, усе гэтыя крокі былі толькі пачаткам. Згодна з распараджэннем біскупа, католікам Абухава было рэкамендавана наведваць для набажэнстваў капліцу ў Жытомлі. Дарэчы, на мінулым тыдні адзначалася 30-годдзе асвячэння капліцы. Пасля дзяржаўнай рэгістрацыі парафіі мы ўзяліся за распрацоўку праекта касцёла”.
Па словах святара, парафіяне хочуць, каб будучая святыня была сціплай, але прыгожай, невялікай, але ўтульнай. Па праекце яна разлічана прыкладна на 80 сядзячых месцаў. Памер будынка – 16 на 21 м. Асноўныя памяшканні – малітоўная, а таксама парафіяльная залы. Тут будуць праходзіць не толькі катэхізацыя парафіян, але і разнастайныя сходы і гутаркі. Пры неабходнасці літургія можа адбывацца некалькі разоў у дзень.
“Наша парафія невялікая, таму святыня ў Абухаве не будзе велізарнай, – дадае пробашч. – Галоўнае, у парафіян будзе месца для малітвы, для сустрэчы з Богам”.