1-2 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе адбыліся адпустовыя ўрачыстасці, якія праходзілі пад дэвізам-заклікам з Ларэтанскай літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі: „Каралева супакою, маліся за нас”.
Цэлебрацыю галоўнай святой Імшы фэсту ў Будславе ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У цэлебрацыі ўзяў удзел таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На ўрачыстасці былі дастаўлены копіі цудадзейных ікон з іншых марыйных санктуарыяў Беларусі, якія ўжо больш за год здзяйсняюць перэгрынацыю па нашай краіне.
Як паведамляе catholic.by, на пачатку галоўнай літургіі да ўсіх удзельнікаў звярнуўся генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Ён абвясціў, што 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, арцыбіскуп Станеўскі атрымаў з рук Папы Францішка палій Мітрапаліта. Біскуп Касабуцкі растлумачыў значэнне гэтага элемента літургічнага адзення, які сімвалізуе адзінства арцыбіскупаў Мітрапалітаў са Святым Пасадам.
Генеральны вікарый архідыяцэзіі выказаў віншаванні арцыбіскупу Станеўскаму, сям’я вернікаў паднесла іерарху букет кветак, а ўсе прысутныя падтрымалі яго воплескамі.
Дзякуючы за віншаванне, арцыбіскуп Станеўскі патлумачыў, што не можа паказаць атрыманы палій, паколькі павінен перадаць яго прадстаўніку Папы Францішка ў нашай краіне Апостальскаму нунцыю Антэ Ёзічу, а той вызначыць дату, калі ўрачыста ўскладзе яго яму на плечы як сімвал добрага пастыра, які нясе на сваіх плячах згубленую авечку.
Арцыбіскуп Станеўскі прызнаўся, што ўжо адчувае гэтую пастырскую адказнасць, і падзяліўся, што ў момант атрымання палія распавёў Папу Францішку пра беларускіх католікаў і іх вялікую веру, што выклікала радасную ўсмешку на твары Святога Айца.
Арцыпастыр прывітаў прысутных іерархаў, духавенства, кансэкраваных асобаў і вернікаў, у тым ліку пілігрымаў з розных мясцін Беларусі. Словы асаблівага прывітання ён выказаў прадстаўнікам дзяржаўных уладаў, якім падзякаваў за дапамогу ў рэстаўрацыі будслаўскай святыні пасля пажару, а таксама прадстаўнікам дыпламатычнага корпусу, якіх запэўніў у малітве перад Маці Божай і памяці пра суседзяў.
У гаміліі арцыбіскуп Станеўскі найперш звярнуўся да евангельскага тэксту пра адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты, падкрэсліўшы, што Альжбета адразу ж зразумела сэнс гэтага візіту: Марыя прыйшла да яе з Панам Богам. Нагадаўшы, што многія, у адрозненне ад яе, наадварот, не жадалі прыняць Езуса, арцыбіскуп адзначыў: „Нам сёння таксама бывае праблематычна распазнаць Пана ў тых людзях і сітуацыях, якія нам добра вядомыя і з якімі мы ўжо звыкліся, хоць нашыя продкі маглі пра пэўныя рэчы толькі марыць: святая Імша ў кожную нядзелю, споведзь і святая Камунія, катэхеза і штодзённая малітва. Як жа лёгка не заўважыць Бога ў тым, што нам блізкае, роднае!”
Іерарх дадаў, што, паводле святога Яна Паўла ІІ, „чалавек, які не распазнае Бога ў звычайнай штодзённасці, траціць магчымасць пазнання самога сябе”. Быць жа сабой і пазнаць сябе, па словах арцыбіскупа, дапамагае малітва: „Калі мы не молімся, то нашая вера — толькі чыстая тэорыя, светапогляд, і там няма месца для сустрэчы, дыялогу, кампрамісу і разумення. Такая вера не адбіваецца ва ўчынках — яна не пакідае следу”.
Нагадаўшы пра дэвіз сёлетняга Будслаўскага фэсту, іерарх заўважыў, што „кожны чалавек у глыбіні душы моцна прагне спакою”.
„Чым больш чалавек усведамляе небяспеку, якая пагражае спакою, тым больш ён яго прагне. Чалавек жадае быць не проста вольным ад войнаў і канфліктаў, але і жыць поўным жыццём, у шчасці і поўнай рэалізацыі. Аднак спакой, якога людзі так моцна прагнуць, па розных прычынах парушаецца і нават знішчаецца”, — зазначыў арцыбіскуп. У сувязі з гэтым ён нагадаў вучэнне Касцёла з энцыклікі святога Яна ХХІІІ Pacem in terris („Супакой на зямлі”) пра тое, што мір — Божы дар, „які прыходзіць да нас найперш праз людскія сэрцы”.
„Няма спакою для заблукалага сэрца, калі не адбудзецца яго перамена, або навяртанне да Бога. Калі не будзе сапраўднай перамены сэрца, унутраны спакой заўсёды будзе кароткачасовым”, — сцвердзіў арцыпастыр, дадаўшы, што прыкладам такога сапраўднага спакою быў унутраны спакой Дзевы Марыі і менавіта такі спакой „варта захоўваць сярод бурлівых і незразумелых падзей гісторыі, сэнсу якіх мы часта не разумеем, або разумеем і тлумачым няправільна”.
На заканчэнне гаміліі іерарх сказаў: „Чаму сёння тут, у Будславе, мы гаворым пра спакой і молімся аб ім? Адказ на гэтае пытанне вельмі просты: няма больш адпаведнага месца, якое лепш прыдалося б да гэтай мэты. Будслаў — гэта наш „беларускі Бэтлеем” — так я гаварыў падчас сваёй інаўгурацыі ў мінскай архікатэдры і так сцвярджаю сёння. У юдэйскім Бэтлееме нарадзіўся Сын Божы Езус Хрыстус, Князь супакою.
Тут, у Будславе, у людскіх сэрцах нараджаецца вера ў Бога. Дык няхай жа тут у нас нараджаецца чалавек спакою — у сэрцы пілігрыма, турыста і проста вандроўніка”.
Арцыбіскуп завяршыў гамілію малітоўным зваротам да Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы супакою. На заканчэнне цэлебрацыі адбылася Эўхарыстычная працэсія.