
На пачатку сустрэчы ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч сардэчна прывітаў нунцыя і ўсіх прысутных. Затым святары праславілі Бога гімнам да Святога Духа і малітвай Літургіі гадзін. Пасля арцыбіскуп Гуджэроцці прамовіў да святароў канферэнцыю, у якой падкрэсліў, што яны нясуць вялікую адказнасць за даручаную ім паству. Гэтая адказнасць заключаецца ў тым, каб не толькі сядзець і чакаць, калі прыйдуць вернікі, якім патрэбны святар для паслугі, але каб па прыкладзе Апосталаў ісці і шукаць Хрыста ў тых, хто Яго яшчэ не ведае. Бог нараджаецца, калі ўвесь Ерузалем спіць. Таму нельга спаць у сваім святым супакоі, дзякуючы Богу за чарговыя святы Божага Нараджэння. Трэба з поспехам ісці і шукаць Нованароджанага. Касцёл – гэта не дом састарэлых, як сказаў арцыбіскуп, звяртаючыся да старэйшых святароў, таму трэба таксама звяртаць увагу на маладых, бо яны больш чуйныя да Хрыста і хутчэй яго шукаюць.
Пасля канферэнцыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і сакрамант пакаяння. Набажэнства ўзначаліў духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз доктар Андрэй Шчупал CSsR.
Са словамі пажаданняў ад імя святароў да арцыбіскупа Гуджэроцці звярнуўся ксёндз доктар Уладзімір Гуляй, вікарый біскупа і пробашч парафіі Ліда-Фара. Ён параўнаў еднасць святарскіх сэрцаў з Бэтлеемам, у якім на свет прыходзіць любоў, што асвятляе дарогі нашага жыцця.
Пасля абмеркавання арганізацыйных пытанняў, прадстаўленых ксяндзом Антоніем Грэмзам, віцэ-канцлерам курыі, усе прысутныя мелі магчымасць падзяліцца аплаткай з нунцыем і ксяндзом біскупам, а таксама скласці святочныя віншаванні адзін аднаму.

Напрыканцы сустрэчы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці склаў сардэчныя пажаданні ксяндзу біскупу Аляксандру Кашкевічу і святарам, а таксама ўдзяліў усім прысутным апостальскае бласлаўленне, прыгадваючы пра тое, што папа Бенедыкт XVI памятае пра Касцёл у Беларусі.
Пасля сустрэчы ў касцёле ксёндз прэлат Вінцэнт Лісоўскі, пробашч парафіі, запрасіў усіх на пачастунак на плябанію, дзе ўсе прысутныя маглі ў непасрэднай абстаноўцы паразмаўляць з ксяндзом нунцыем, які аказаўся вельмі жыццярадасным і камунікатыўным чалавекам з гумарам.
