
Сустрэча ў Іўі распачалася наведваннем гарадской цэнтральнай бібліятэкі, у якую ксёндз біскуп перадаў “Кампендыум сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла” з суправаджальным лістом арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Пастыр дыяцэзіі таксама павіншаваў супрацоўнікаў бібліятэкі са святам Божага Нараджэння.
Пасля ксёндз біскуп Аляксандр завітаў у Іўеўскую дапаможную школу-інтэрнат, дзе таксама знаходзіцца дзіцячы прытулак. Дзеці падрыхтавалі для гасцей каляднае прадстаўленне і падарылі зробленыя сваімі рукамі елачкі. Сярод прысутных гасцей быў таксама старшыня Іўеўскага гарвыканкама. Ксёндз біскуп павіншаваў выхаванцаў школы і прытулку са святамі і падзяліўся з імі аплаткай. Таксама на ўрачыстасці дзецям уручылі каля 130 рэчавых і салодкіх падарункаў, якія былі набыла мясцовая арганізацыя “Карытас”. Арганізацыя сабрала гэтыя грошы, продаючы адвэнтавыя вяночкі, зробленыя сваімі рукамі. Упрыгожванні на акцыі набывалі вернікі з Іўя, Ліпнішак, Суботнікаў і Геранёнаў.
Яшчэ адным пунктам сустрэчы ў Іўі стала мясцовая бальніца, два памяшканні якой былі аддадзены пад капліцы: праваслаўную і каталіцкую. У прысутнасці святароў, гарадскіх улад, медыцынскага персаналу і хворых вернікаў ксёндз біскуп адправіў св. Імшу і пакінуў у табернакулюме Найсвяцейшы Сакрамант, каб тут і надалей адпраўлялася св. Эўхарыстыя. Пасля св. Імшы ксёндз біскуп сустрэўся за гарбатай з калектывам медыкаў Іўеўскай бальніцы.
Напрыканцы паездкі ў Іўе Яго Эксцэленцыя паўдзельнічаў ва ўрачыстасцях з нагоды 10-годдзя асвячэння статуі Хрыста Валадара. У прысутнасці святароў і вернікаў пробашч іўеўскай парафіі ксёндз Ян Гавэцкі прачытаў малітву падзякі за апеку над парафіяй, а ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч даверыў яе ў малітве далейшай апецы Хрыста Валадара.