18 чэрвеня ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні, у якой працуюць салезіяне, адбылася ўрачыстая Імша падзякі за дзевяць год служэння кс. Віктара Гайдукевіча SDB у якасці рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі. Таксама на Імшы ўступіў у свае абавязкі новапрызначаны дэлегат для салезіянаў Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB.
Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. З гаміліяй да прысутных звярнуўся ксёндз Павел Шчарбіцкі. Новапрызначаны дэлегат разважаў над Евангеллем і тэмай паклікання. Святар перасцярог, каб пры выкананні паклікання не параўноўваць сябе з іншымі людзьмі, а глядзець у першую чаргу на вобраз Божы. Ён адзначыў, што першы крок для добрага выканання свайго паклікання – адказ на пытанне: “Кім ты лічыш Езуса?”, а другі крок – адказ на пытанне: “Чым для цябе з’яўляецца тваё пакліканне?” Па словах кс. Паўла, каб быць добрым хрысціянінам, трэба быць гатовым браць на сябе адказнасць за людзей, якія знаходзяцца побач, якіх Бог нам даверыў. Трэцім крокам ён назваў браць свой крыж і ісці за Езусам, каб зберагчы сваё жыццё.
“Няхай у нашым жыцці часцей будзе прага і жаданне параўноўвацца з Хрыстом, параўноўвацца з Айцом Нябесным, параўноўвацца з Духам Святым, з Тройцай Адзінай. І няхай кожны з нас вучыцца не траціць час на параўноўванне сябе з нейкімі зоркамі, суседам альбо суседкай”, – такімі словамі святар завяршыў сваю навуку.
Пасля гаміліі найстарэйшы салезіянін у нашай краіне кс. Здзіслаў Вэдэр SDB зачытаў ліст прызначэння кс. Паўла на пасаду рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі, а той у знак згоды прамовіў Апостальскі сімвал веры. Пасля гэтага кс. Здзіслаў і кс. Павел падпісалі на алтары адпаведныя дакументы.
Пасля Імшы былі зачытаны лісты да былога і новапрызначанага дэлегатаў ад інспектара салезіянскай інспекторыі св. Станіслава Косткі ў Варшаве ксяндза Тадэвуша Ярэцкага SDB, у якіх ён выказаў падзяку за руплівую і адданую працу ў якасці рэгіянальнага настаяцеля ксяндзу Віктару Гайдукевічу, які займаў гэтую пасаду на працягу дзевяці год, а таксама пажадаў ксяндзу Паўлу адвагі і Божага благаслаўлення на новым і адказным этапе рэалізацыі салезіянскага паклікання.
Падзяку ксяндзу Віктару выказалі і сабраты-салезіяне, параўнаўшы яго з ледаколам, які ішоў першым і адважна вёў іх таварыства наперад, не зважаючы на шматлікія цяжкасці і перашкоды.
Словы падзякі былому дэлегату выказалі таксама ўсе галіны салезіянскай сям’і: сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, суполка ADMA і моладзь. Лейтматывам кожнай прамовы было тое, што на працягу апошніх дзевяці год кожны адчуваў ад кс. Віктара па-сапраўднаму айцоўскую апеку, падтрымку і клопат аб салезіянскай справе на Беларусі.
Біскуп Аляксандр у сваю чаргу ўзгадаў, як яны разам з ксяндзом Віктарам дзевяць год таму падчас перэгрынацыі рэліквій св. Яна Боско па Беларусі перагарнулі новую старонку гісторыі салезіянскага таварыства на нашых землях, як шмат было хваляванняў і планаў, складаных рашэнняў, перспектываў развіцця.
Біскуп адзначыў наступныя дасягненні салезіянскага таварыства падчас кадэнцыі ксяндза Віктара:
• аб’ядналіся ўсе салезіянскія супольнасці Беларусі, пачаўся працэс развіцця і станаўлення салезіянскай духоўнасці на нашых землях;
• салезіянская харызма стала вельмі заўважнай у Касцёле на Беларусі, дынамізм развіцця таварыства выклікаў увагу і захапленне;
• салезіяне сталі для многіх прыкладам адвагі ў працы і рэалізацыі пастаўленых мэтаў;
• было прыведзена ў парадак прававое дзеянне салезіянскіх структур на касцёльным і дзяржаўным узроўні;
• сфармаваўся адметны салезіянскі стыль працы з моладдзю;
• быў створаны офіс развіцця дэлегатуры – свецкіх асоб, якія працуюць дзеля развіцця і пашырэння салезіянскай харызмы.
“Гледзячы на ўсе гэтыя пункты, хочацца сказаць ксяндзу Віктару толькі адно слова – дзякуй!” – дадаў іерарх.
Звяртаючыся да ксяндза Паўла, біскуп адзначыў, што добра ведае новапрызначанага дэлегата, таму ўпэўнены, што салезіянскае таварыства ў надзейных руках, а таксама пажадаў адвагі і поспехаў на новай і адказанай пасадзе.
На заканчэнне ксёндз Віктар выказаў усім падзяку за добрыя словы і падкрэсліў, што ўсе яны адносяцца не да яго асабіста, а да кожнага сабрата і кожнага члена салезіянскай сям’і, бо на працягу апошніх дзевяці год ён адчуваў неверагодную падтрымку і ўзрастаў разам з усімі, атрымліваў энергію і натхненне ад кожнага і дзякуючы гэтаму знаходзіў сілы рухацца далей. Таксама ксёндз Віктар запэўніў, што і далей будзе рупліва працаваць дзеля дабра салезіянскага таварыства на Беларусі.
Уладзіслаў Зарэцкі ASC