Skip to main content

Не парушаючы традыцыі: дываны з кветак упрыгожылі працэсію Божага Цела ў Іўі

boze celo iue 16Працэсія Божага Цела ў многіх католікаў асацыюецца з прыгожымі алтарамі, з дзяўчынкамі, якія пасыпаюць дарогу кветкамі, з міністрантамі, маладымі бярозкамі і радасным спевам рэлігійных гімнаў і песень. Такая праява веры, якой з’яўляецца працэсія, нясе ў сабе столькі традыцый, наколькі хапае фантазіі і энтузіязму вернікам.

Адна з незвычайных для Беларусі традыцый, якая не першы год практыкуецца ў іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла, – упрыгожванне кожнага падрыхтаванага да працэсіі алтара дыванамі з жывых кветак. Такім чынам, пялёсткі кветак, сабраныя ў прыгожыя яркія дываны, з’яўляюцца данінай, якую жыхары горада прыносяць Найсвяцейшаму Сакрамэнту.

Падрыхтоўка такой прыгажосці патрабуе асаблівай адказнасці, сіл і звычайнай людской фантазіі. Каб скласці дываны, выкарыстоўваюць васількі, бэз, ружы, рамонкі, а таксама лісце папараці, мох, кару альбо звычайную скошаную траву. Матэрыял і ўзоры залежаць ад крэатыўнасці стваральнікаў і наяўнасці раслін. У асноўным гэта тая зеляніна, якую вернікі парафіі вырошчваюць на сваіх падворках. Характэрна і тое, што ў шматканфесійным добразычлівым Іўі нярэдка людзі іншых веравызнанняў дапамагаюць кветкамі са сваіх садоў і кветнікаў.

Стваральнікамі дываноў часта з’яўляюцца малітоўныя групы, супрацоўнікі арганізацый горада альбо жыхары вуліц. З імі часцей за ўсё знаходзіцца духоўная асоба.

Працэс стварэння пачынаецца загадзя. На пачатку тыдня людзі збіраюцца, каб абмеркаваць дызайн алтароў і дываноў, падзяліцца думкамі на гэты конт. Затым наступае працэс пошуку матэрыялу для творчасці. У суботу збіраецца каркас алтароў і падрыхтоўваецца зеляніна для дываноў, а раніцай нядзелі ўся гэта прыгажосць з’яўляецца на цэнтральнай плошчы горада.

boze celo iue 13

Імша з нагоды працэсіі Божага Цела распачынаецца ў святыні а 10-й гадзіне. Такім чынам, кветкавыя дываны і алтары павінны быць зроблены паміж 6-й і 9-й гадзінамі. Таксама, каб маляўнічая праца вернікаў не загінула ў спякотны дзень, да самай працэсіі зеляніну паліваюць вадою.

Як і штогод, сёлета Эўхарыстычная працэсія вырушыла ад парафіяльнай святыні да цэнтральнай плошчы горада.

Адзін з прыпынкаў працэсіі быў зроблены каля помніка ў гонар адзінства і сяброўства канфесій Іўеўшчыны, які ў гэтую ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста адзначыў 10-ю гадавіну свайго існавання.

На дыване перад гэтым алтаром, самым вялікім па памерах, былі выкладзены словы “Божа, барані нас ад голаду і вайны”. Гэты алтар рыхтавалі сем’і, дзеці з якіх сёлета прынялі Першую святую Камунію.

Алтар, які рыхтаваў “Легіён Марыі” і настаўнікі, упрыгожваў дыван з кветкавым ружанцам. На іншых дыванах былі бачныя келіх з вінаградам, сэрца, крыж, сонца і розныя ўзоры.

Завяршылася працэсія ўрачыстым благаслаўленнем каля касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла.

Раман Ярмош

Фота: Станіслаў Зянкевіч (газета “Іўеўскі край”), Мілена Захар