Skip to main content

Срэбны юбілей святарства кс. каноніка Станіслава Лабана адзначылі ў Беняконях

laban 4214 чэрвеня кс. канонік Станіслаў Лабан адзначаў 25-годдзе з часу прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.

З гэтай нагоды адбылася Імша падзякі ў парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях (Радунскі дэканат), пробашчам якой з'яўляецца кс. Станіслаў. Нягледзячы на тое, што быў працоўны дзень, прыгожая гістарычная святыня была напоўнена ўдзячнымі вернікамі – парафіянамі і гасцямі.

У малітве ўдзельнічалі мама і сястра ксяндза каноніка Лабана, шматлікія святары і законныя сёстры. Прысутнічалі яго былыя парафіяне з Галынкі (парафія Узвышэння Святога Крыжа, Сапоцкінскі дэканат) і з суседніх Канвелішак (парафія Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса).

Прыбыла таксама дэлегацыя з роднай парафіі юбіляра – святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках – на чале са сваім душпастырам кс. Збігневам Драгулам CSMA.

laban 61

Прысутныя супольна дзякавалі Пану за дар святара, які чвэрць стагоддзя рупліва служыў Богу, Касцёлу і людзям, да якіх быў пасланы.

Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, сябар юбіляра. У цэлебрацыі ўдзельнічаў таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які 25 гадоў таму ўдзяліў кс. Лабану прэзбітэрскае пасвячэнне.

У гаміліі пробашч лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі казаў пра тое, што святарства з'яўляецца ў першую чаргу служэннем, а таксама прысвячэннем іншаму чалавеку. Ксяндза прэлата Лісоўскага папрасілі прамовіць у гэты дзень гамілію невыпадкова, бо ён прамаўляў яе на прыміцыйнай Імшы кс. Станіслава ў яго роднай парафіі чвэрць стагоддзя таму.

Пасля Імшы выстраілася доўгая чарга жадаючых выказаць віншаванні свайму душпастыру. Дзеці, моладзь, былыя і сённяшнія парафіяне дзякавалі яму за прыклад святарства, за яго сэрца, пастырскую руплівасць і заўсёды добрае слова, дзякавалі за тое, што Бог даў ім менавіта такога святара, здольнага ўслухацца ў кожную сітуацыю, падтрымаць дух і прыйсці з добрай радай.

Да віншаванняў далучыліся прысутныя іерархі – біскуп Кашкевіч і арцыбіскуп Станеўскі.

laban 68

На заканчэнне Імшы ўзрушаны юбіляр ад усяго сэрца дзякаваў прысутным за тое, што захацелі ў гэты дзень падзяліць з ім радасць, быць побач, падтрымліваючы сваімі малітвамі.

Ксёндз канонік Станіслаў Лабан паходзіць з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат). Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 14 чэрвеня 1997 г. у Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

З 2000 г. з'яўляецца пробашчам парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях. У 2021 г. атрымаў годнасць ганаровага каноніка катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі