Skip to main content

Слова ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча на свята Божага Нараджэння 2011г. і на Новы 2012 год Панскі

Шаноўныя Браты ў святарстве, паважаныя Законнікі і Законніцы!

Узлюбленыя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!

Радасны і поўны надзеі час Адвэнту скончыўся, мы духоўна падрыхтаваліся да прыходу Езуса Збаўцы і дачакаліся гэтай нязвыклай ночы, калі перажываем спатканне з Нованароджаным Збавіцелем, як некалі яго перажывалі пастухі з ваколіц Бэтлеема.

Тым пастухам, калі яны вартавалі ўначы свой статак, з’явіўся анёл Пана і сказаў: “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан” (Лк 2, 8-11).

У нашых касцёлах і капліцах падчас урачыстай святой Імшы, Пастэркі, таксама гучыць радаснае пасланне: “Сёння нарадзіўся Хрыстус Пан, Збавіцель!” І мы, як некалі пастухі, прыходзім у наш “парафіяльны Бэтлеем”, каб знайсці там Пана і з верай Яму пакланіцца.

Дарагія Дыяцэзіяне!

Божае Нараджэнне – гэта Святло Надзеі для нас. Сам Бог прыходзіць да свайго народа ў асобе Нованароджанага Езуса, каб перамяніць цемру ночы ў “сапраўднае святло, якое асвятляе кожнага чалавека” (пар. Ян 1, 9), да глыбіні змяняючы лёс жыхароў краіны змроку і напаўняючы іх сэрцы супакоем, радасцю і надзеяй.

Святы Айцец Бенедыкт XVI у сваёй энцыкліцы “Spe salvi” піша, што “мы збаўлены надзеяй. Чалавеку неабходны Бог. Свет без Бога – гэта свет без надзеі. Толькі Бог можа ўвесці ў ім справядлівасць”.

У радаснае свята Божага Нараджэння я акружаю малітвай кожнага з Вас і кожную сям’ю, якая сабралася каля вігілійнага стала. Я духоўна яднаюся з дзецьмі і моладдзю, з хворымі і самотнымі, з вязнямі і залежнымі людзьмі. Асаблівай малітвай я акружаю ўсіх тых, каго прыгнятаюць сур’ёзныя цяжкасці і пакуты, хто змагаецца з праблемамі і перажывае крызіс, хто праходзіць праз выпрабаванні веры і надзеі. Няхай сёлетнія святы напоўняць кожнага з Вас даверам і аптымізмам.

Дзелячыся белай аплаткай, я выказваю Вам, Дарагія Браты і Сёстры, свае сардэчныя пажаданні. Няхай Езус Хрыстус адорыць Вас здароўем і патрэбнымі ласкамі і ўмацуе ў Вашых сэрцах веру, надзею і любоў.

Жадаю Вам душэўнага супакою, згоды і адзінства ў кожнай сям’і. Боскі Збавіцель, прыход Якога на свет мы радасна адзначаем, няхай будзе крыніцай Вашай надзеі і няхай Вам шчодра блаславіць – цяпер і ў Новым 2012 годзе Панскім.

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі