Skip to main content

Летні адпачынак дзяцей з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля прайшоў у Навагрудку

kb dewiatowka 1З 5 па 10 чэрвеня ў Навагрудку былі арганізаваны “Канікулы з Богам” для групы дзяцей з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).

Як паведамляе сайт парафіі redemptor.by, дзяцей прынялі ў сваім доме гасцінныя сёстры назарэтанкі. 

На гэтыя канікулы сабраліся міністранты, бялянкі, удзельнікі дзіцячага хору і парафіяльнага тэатру агульнай колькасцю 51 чалавек. Апекаваліся групай а. Максім Лабкоў CSsR, с. Ганна Мацуль CSFN і ўрач Алена Шульга. Падчас знаходжання ў Навагрудку дзеці праз арганізаваныя дзеі і забавы бліжэй знаёміліся з Богам, адзін з адным, а таксама з прыгожымі помнікамі і наваколлем гэтай мясцовасці.

У першы дзень канікул каталіцкі свет адзначаў успамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла. З гэтай нагоды ўсе прысутныя на “Канікулах з Богам” бліжэй знаёміліся з нябеснай Маці.

Другі дзень быў прысвечаны благаслаўлёным сёстрам-мучаніцам з Навагрудка. Сястра Ганна распавяла пра благаслаўлёных сясцёр, да кангрэгацыі якіх належыць сама. Яе аповед пра лёс мучаніц сустрэў сярод маладых слухачоў моцны водгук і зацікаўленасць. У той жа дзень дзяцей наведаў пробашч іх парафіі а. Анджэй Ядкоўскі CSsR, які памаліўся разам з імі на Эўхарыстыі, а пасля пачаставаў усіх марожаным.

kb dewiatowka 6

На наступны дзень дзеці разважалі пра місію рэдэмптарыстаў, якія нясуць служэнне ў іх парафіі.

У апошні дзень дзеці пазнаёміліся з постаццю св. Герарда Маелі, рэдэмптарыста, і размаўлялі аб святасці. Прысутныя супольна зазначылі, што святы — гэта той, хто любіць Бога і бліжняга.

10 чэрвеня, калі адбылося вяртанне дадому, закранулі тэму падзякі і разам дзякавалі Пану за час “Канікул з Богам”, а таксама за ўсіх дабрачынцаў і тых, з чыёй дапамогай адбылася гэтая паездка.