13 чэрвеня, у літургічны ўспамін св. Антонія Падуанскага, доктара Касцёла, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці вернікам парафіі св. Станіслава, біскупа, і св. Максімільяна Марыі Кольбэ, мучаніка, у Каробчыцах (дэканат Гродна-Захад).
Імша прайшла ў аграсядзібе “Каралінскі фальварак Тызенгаўза”, дзе знаходзіцца капліца св. Міхала Арханёла, пабудаваная і асвячаная ў 2010 г.
На Эўхарыстыі, якую біскуп цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці на чале з яе пробашчам кс. Янам Рушніцкім, маліліся за моладзь, якая прымала ў гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, і аб Божым благаслаўленні для парафіі, якая будуе сваю святыню.
У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юрый Марціновіч казаў пра дары Духа Святога, якія чалавек атрымлівае ў канфірмацыі. Святар падкрэсліў, што гэта найкаштоўнейшыя дары, якія можа даць толькі Бог.
На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да маладых людзей, якія ў колькасці 13 чалавек прыступілі ў гэты дзень да канфірмацыі, падкрэсліў, што без дапамогі Святога Духа было б вельмі цяжка верыць, маліцца, трываць у праўдзе, справядлівасці і любові, пераадольваць цяжкасці, змагацца з уласнымі грахамі, выконваць добрыя ўчынкі, узрастаць у любові да Бога і бліжняга.
Таму іерарх пажадаў маладым парафіянам, каб Дух Святы зрабіў кожнага з iх мацнейшым у веры, больш адкрытым на праўду і дабро, здольным супраціўляцца злу.
Маладыя людзі падзякавалі між іншым свайму біскупу, душпастыру парафіі і сястры Магдаліне Кулай, якая рыхтавала іх да прыняцця сакрамэнту.
Затым адбылося асвячэнне фігуры Маці Божай Беззаганнай, якая была ўсталявана на тэрыторыі аграсядзібы.
Пасля музычны гурт “Ave” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне выступіў з канцэртам. Гэтым музычным акцэнтам, які стаў магчымасцю праславіць Пана Бога, завяршылася парафіяльная ўрачыстасць.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: с. Магдаліна Кулай CSCII