Skip to main content

Урачыстасць Першай Камуніі адбылася ў гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай

kamunia baranowicze 3712 чэрвеня, у нядзелю Найсвяцейшай Тройцы, у маладой гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, мучаніцы Другой сусветнай вайны, адбылася важная падзея. Група дзяцей колькасцю 15 чалавек упершыню прыступіла да эўхарыстычнага стала, прыняўшы Пана Езуса ў святой Камуніі ў свае сэрцы.

Імша прайшла ў часовай капліцы, якая знаходзіцца побач з пляцоўкай, дзе ў найбліжэйшы час пачнецца будаўніцтва парафіяльнай святыні. На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія парафіяне, госці парафіі, родныя і блізкія дзяцей.

Цэлебраваў Імшу пробашч парафіі ксёндз канонік Юрый Марціновіч. Звяртаючыся на літургіі да дзяцей, святар падкрэсліў, што важна захоўваць у сабе Божую ласку, якую Пан дае чалавеку падчас сакрамэнту пакаяння і паяднання. Пробашч дадаў, што гэты дар можна хутка страціць праз грэшнае жыццё і непавагу да Божых запаведзяў.

Таму святар заахвоціў супрацоўнічаць з Езусам Хрыстом, а магчымым гэтае супрацоўніцтва будзе тады, калі чалавек зробіць Бога сваім найлепшым Сябрам.

kamunia baranowicze 27

Імшу ўпрыгожыў спевам дыяцэзіяльны хор “Cantate Domino” пад кіраўніцтвам Генрыха Давідовіча, яго нязменнага кіраўніка і дырыжора. Дзякуючы гэтаму спеву літургія стала больш урачыстай, што спрыяла яе адпаведнаму перажыванню.

На заканчэнне Эўхарыстыі дзеці, якія ў гэты дзень запрасілі Езуса ў сваё сэрца і жыццё, падзякавалі Пану за клопат пра іх і іх сем’і.

Таксама яны з узрушанасцю дзякавалі пробашчу i катэхетцы сястры Алене, якія на працягу двух гадоў рыхтавалі іх да гэтай падзеі, сваім бацькам, блізкім і ўсім прысутным.

Падсумоўваючы гэты дзень, душпастыр маладой і жывой парафіі заахвоціў дзяцей заўсёды быць удзячнымі Богу за ўсе ласкі. “Сваю ўдзячнасць вы найлепш выявіце тады, калі будзеце часта і годна прымаць Цела Хрыста. Таксама заўсёды памятайце пра тое, што святая Камунія з’яўляецца пасілкам, які ўмацоўвае нас, каб мы былі лепшымі, а гэта значыць каб яшчэ больш любілі Пана Бога і бліжніх”, – дадаў кс. канонік Юрый Марціновіч.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Баляслаў Гавецкі