12 чэрвеня ў Гервятах, дзе знаходзіцца найбольшы і, здаецца, найпрыгажэйшы касцёл у нашай краіне, які называюць беларускім Нотр-Дамам, прайшла адпустовая ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы (тытулу парафіяльнай святыні).
На Троіцкім фэсце, які для жыхароў Астравеччыны з'яўляецца часам малітвы і паяднання з Богам, а таксама часам доўгачаканых сустрэч, сабраліся шматлікія вернікі. Прысутнічалі святары Астравецкага дэканату на чале з дэканам кс. канонікам Юзафам Багдзевічам і прадстаўнікі раённай улады.
Адпустовую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Днём раней іерарх удзяліў вернікам парафіі ў Гервятах сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
На заканчэнне ўрачыстасці ўсім удзельнікам падзякаваў за прыбыццё і супольную малітву пробашч парафіі кс. Дзмітрый Леўчык.
Акрамя малітвы, была падрыхтавана багатая культурная праграма. Прысутных парадавалі сваімі выступленнямі салістка Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Таццяна Глазунова, добра вядомая астраўчанам па канцэртах у Гервятах, і выканаўцы з Гродна Уладзіслава Алейнік і Алег Хадукін. Вечарам ля сцен велічнай гервяцкай святыні выступіў кавер-гурт Beverly Hills.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фотa: ostrovets.by