11 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) на супольную малітву падзякі Богу сабраліся дзеці, якія сёлета прыступілі да Першай святой Камуніі.
Дзеці, апранутыя ў святочнае ўбранне, у якім прымалі Першую Камунію, прыбылі з розных парафій дыяцэзіі разам са сваімі катэхетамі.
У праграме былі святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, мноства гульняў і забаваў, салодкі пачастунак.
На Эўхарыстыі, якую арцыбіскуп цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх дзяцей Гродзенскай дыяцэзіі, якія сёлета прыступілі да Першай Камуніі, наймалодшыя вернікі дзякавалі за тое, што цяпер могуць ва ўсёй паўнаце ўдзельнічаць у Імшы, прыступаючы да эўхарыстычнага стала.
У гаміліі іерарх выказаў радасць з таго, што вялікая колькасць дзяцей першы раз прыняла Езуса ў свае сэрцы. Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што Першая Камунія – свята дзіцяці, сям’і і парафіі.
Ён дадаў, што на гэтай літургіі ў тракельскім санктуарыі дзеці “становяцца перад Марыяй з верай, што Яна іх не пакіне і будзе весці да свайго Сына”.
Іерарх падкрэсліў, што ўрачыстасць Першай Камуніі – добры час задумацца аб поўным удзеле ў Імшы, а таксама аб тым, якое сведчанне мы даём нашым бліжнім. “Езус корміць нас хлебам вечнага жыцця, а мы павінны карміць іншых хлебам гасціннасці і ўзаемнай любові”, – сказаў арцыбіскуп.
Іерарх дадаў, што тракельскі санктуарый звяртае ўвагу на Адведзіны Марыяй святой Альжбеты, “тут мы вучымся згаджацца з Божай воляй, каб быць шчаслівымі”, “вучымся спяшацца з дапамогай іншым”.
Арцыбіскуп нагадаў дзецям і ўсім прысутным, што на Тракельскім абразе знаходзіцца святы Казімір, як адзначаўся марыйнай і эўхарыстычнай пабожнасцю.
Іерарх звярнуўся да Маці Тракельскай са словамі малітвы, просячы суправаджаць гэтых дзяцей на жыццёвым шляху, дапамагаць ім “стаць сённяшнімі святымі Казімірамі і ў поцемках сучаснасці не згубіць дарогі да Касцёла, дзе іх у Эўхарыстыі, іншых сакрамэнтах і Божым слове чакае Езус”.
На заканчэнне сустрэчы кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі падзякаваў дзецям за прыбыццё да Маці Божай і выказаў надзею, што такія сустрэчы на дыяцэзіяльным узроўні стануць традыцыяй.
Таксама святар запрасіў дзяцей разам з бацькамі да ўдзелу ў сёлетніх адпустовых урачыстасцях у Тракелях і заахвоціў наведваць святыню ў любы іншы час.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі