Skip to main content

Гродзенскія вернікі актыўна ўдзельнічалі ў дабрачыннай акцыі

Моладзь з душпастырства “OPEN” у нядзелю 11 снежня праводзіла акцыю “Пячэнька за пячэнька”. Маладыя людзі напяклі каля 5000 пячэнек, якія пасля св. Імшаў у Фарным касцёле раздавалі вернікам за ахвяру на карысць хворых дзетак.

Каля корабаў з печывам утвараліся чэргі: дзеці і моладзь, мужчыны і жанчыны, бабулі і дзядулі ахвотна адгукнуліся на дабрачынную акцыю і кідалі ў скарбонку грошы на падарункі дзецям. За гэта ў знак падзякі каталіцкая моладзь давала ўсім пакуначкі з пячэнькам, хоць некаторыя мужчыны ад пачастунку адмаўляліся – проста пакідалі грошы.

Цешыць тое, што такая колькасць людзей сёння гатова дапамагчы дзецям у патрэбе, – падзяліліся ўражаннямі ўдзельнікі АД “OPEN”, якія праводзілі акцыю. – Мы стаім ужо трэцюю Імшу, і пасля кожнай утвараецца вялізная плынь людзей, ахвотных прыняць удзел у акцыі.

Кіраўнік душпастырства “OPEN” кс. Антоні Грэмза кажа, што задаволены праведзенай акцыяй:

Вельмі шмат моладзі прыняло ўдзел у гэтай акцыі. Актыўнасць хлопцаў і дзяўчат сведчыць пра тое, што дабрачынная акцыя адбылася вельмі добра, нават улічваючы розныя цяжкасці, як, напрыклад, тое, што сёння шмат раўнадушных да дабрачыннасці людзей. Але плён ёсць, і мы гэта ўбачылі па ахвярнасці людзей, якія дапамаглі моладзі сабраць сродкі на падарункі для хворых дзяцей.

Сабраныя грошы каталіцкая моладзь выдаткуе на салодкія падарункі і прадметы асабістай гігіены, якія напярэдадні калядных свят адвязе дзецям Гродзенскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Падарункі даставяць таксама хворым дзецям Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-Наркалогія”.

Моладзь паедзе да дзяцей не толькі для таго, каб даць падарункі, але і каб правесці мерапрыемствы, звязаныя з Божым Нараджэннем, каб перадаць ім духоўную радасць, паказаць сэнс і значэнне Божага Нараджэння. Для нас важна перадаваць духоўныя каштоўнасці праз гэтую дапамогу, – дадаў кс. Антоні.