28 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фару). Іерарх узначаліў у святыні Імшу, на якой група адпаведна падрыхтаваных парафіян прыняла сакрамэнт хрысціянскай сталасці, абавязаўшыся вызнаваць веру і жыць паводле яе прынцыпаў.
На Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за нашу краіну, а таксама за маладых людзей – будучыню і надзею Касцёла і кожнага народу.
У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юрый Марціновіч казаў аб тым, што кожны чалавек пакліканы абвяшчаць Евангелле, і гэта патрабуе вялікай адвагі. Таму святар заахвоціў не саромецца ў сваім жыцці Хрыстовага крыжа, а з верай і адвагай насіць яго на шыі.
На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што без дапамогі Духа Святога было б вельмі цяжка выконваць добрыя ўчынкі, a таксама ўзрастаць у любові да Бога і бліжняга. У сувязі з гэтым іерарх заклікаў парафіян захоўваць у сабе дары Духа, бо дзякуючы ўмацаванню імі жыццё чалавека становіцца плённым і лягчэйшым.
Біскуп падзякаваў бацькам, дзеці якіх у гэты дзень былі ўзбагачаны сямю дарамі Духа Святога ў канфірмацыі, за клопат аб іх рэлігійным выхаванні і прыклад апостальскай руплівасці, дадзены ў родным доме.
Пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй выказаў удзячнасць іерарху за прыбыццё, а таксама падзякаваў сваім супрацоўнікам – святарам, дыякану і законным сёстрам, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вернікаў да гэтай урачыстасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі