Skip to main content

Cалезіянская сям’я Смаргоні адзначыла ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў

smargon 11У цыкле святаў салезіянскай сям’і адным з самых значных з’яўляецца ўрачыстасць Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, якая згодна з пастановай Папы Пія VII прыпадае на 24 мая. Менавіта Марыю Успамогу Хрысціянаў абраў св. Ян Боско галоўнай апякункай салезіянскай сям’і.

Як паведамляе sdb.by, вернікі парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні распачалі ўрачыстасць адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. 

Ксёндз Боско вучыў заўсёды звяртацца да Марыі, заклікаючы: “Марыя Успамога Хрысціянаў, маліся за нас”. Святы лічыў такую кароткую малітву вельмі эфектыўнай. Таму падчас адарацыі, працягваючы шматгадовую традыцыю, вернікі Смаргоні маліліся да Найсвяцейшай Маці, тысячу разоў прамаўляючы гэтыя словы. Гэтая малітва сапраўды здзяйсняла і працягвае здзяйсняць цуды, бо выпрошвае праз заступніцтва Марыі патрэбныя ласкі.

smargon 2

Кульмінацыяй урачыстасці стала святая Імша, якую ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. У гаміліі цэлебрант падзяліўся думкамі і словамі святога Яна Боско аб важнасці малітвы да Марыі Успамогі Хрысціянаў.

“Той, хто давярае сябе Марыі падчас падрыхтоўкі да свята Марыі Успамогі і праз усё сваё жыццё, атрымлівае ад Найсвяцейшай Маці шматлікія ласкі. Маці Божая паўстае ў думках святога як вялікае войска нябеснае, якое зрынае ворагаў хрысціянства. Таму варта быць рашучымі і дзейснымі, заўжды быць з Марыяй, давяраць Ёй і Яе матчынай любові. Маліцеся самі і вучыце кароткай малітве сваіх родных і блізкіх. Клічце заўсёды Маці Божую, ва ўсе часы, калі маеце якую патрэбу, маліцеся да Яе. Помніце: кароткая, але вельмі моцная малітва “Марыя Успамога Хрысціянаў, маліся за нас” робіць д’ябла банкрутам і выратоўвае нашыя душы”, – з такімі словамі звярнуўся кс. Павел да прысутных.

На Імшы члены Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў (ADMA) аднавілі свае абяцанні, згодна з якімі стараюцца распаўсюджваць набажэнствы да Марыі Успамогі і пашану да Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Таксама вернікі ўзносілі падзяку Пану і Марыі Успамозе за прысутнасць і працу ў парафіі “жывога помніка” ўдзячнасці Маці Божай – сясцёр салезіянак.

Пасля святой Камуніі салезіяне, сёстры салезіянкі, члены ADMA і салезіяне супрацоўнікі – усе чатыры галіны салезіянскай сям’і парафіі – аддалі сябе пад апеку Марыі Успамогі Хрысціянаў, просячы, каб Яна заўсёды апекавалася імі і ўсімі, каго Бог ставіць на іх шляху.

Працягам урачыстасці стала працэсія з фігурай Марыі Успамогі вакол святыні. Удзельнікі працэсіі маліліся Ружанец.