26 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Святой Сям'і ў Лідзе.
Падчас Эўхарыстыі, на якой сабраліся шматлікія вернікі, іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
Усіх прысутных у святыні прывітаў пробашч парафіі кс. Руслан Мазан.
У гаміліі кс. канонік Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі, казаў пра сакрамэнт канфірмацыі, што з'яўляецца для чалавека новым адкрыццём Духа Святога, які ўзбагачае кожнага сваімі дарамі і робіць здольным да сведчання пра Езуса Хрыста штодзённым жыццём.
На заканчэнне Эўхарыстыі вернікі, якія прынялі сакрамэнт, падзякавалі найперш усім тым, хто падрыхтаваў іх да гэтай падзеі, а таксама паабяцалі Богу, што будуць працягваць узрастаць у Яго ласцы і клапаціцца пра развіццё сваёй веры.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў маладых людзей, якія атрымалі Божыя дары ў сакрамэнце хрысціянскай сталасці, нястомна працаваць над сабой, маючы вялікае жаданне быць блізкімі з Панам, трываючы ў веры і даючы добры прыклад сваім аднагодкам.
Пасля атрымання благаслаўлення, якое ўдзяліў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, усе прысутныя накіраваліся да магілы першага пробашча гэтай парафіі і будаўніка парафіяльнага касцёла, кс. каноніка Юзафа Ганьчыца, дзе памаліліся аб жыцці вечным для яго. Большасць маладых людзей у парафіі былі ім ахрышчаны і з яго рук першы раз прынялі ў свае сэрцы Пана Езуса ў святой Камуніі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі