25 мая ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудкy (Шчучынскі дэканат) адбылася ўрачыстая Імша, на якой пробашч парафіі кс. канонік Ян Рэйшэль дзякаваў Богу за 30 гадоў святарскага служэння.
Прэзбітэрскае пасвячэнне ўдзяліў яму біскуп Аляксандр Кашкевіч у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне 24 мая 1992 г.
На малітве сабраліся шматлікія парафіяне, ад наймалодшага да найстарэйшага, каб дзякаваць Пану за дар свайго душпастыра. Акрамя таго, прыбылі вернікі з родных мясцін ксяндза каноніка – парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Рэплі (Ваўкавыскі дэканат) і парафіі Маці Божай Чэнстахоўскай у Моцевічах (Лідскі дэканат), дзе ён служыў раней.
Прысутнічалі праваслаўныя святары i прадстаўнікі мясцовай улады.
Таксама прысутнічалі святары, сёстры законныя і іерархі: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
Узначаліў Імшу падзякі біскуп Кашкевіч.
Юбіляр прывітаў усіх, падзякаваўшы за прысутнасць у гэты важны для яго дзень, за малітоўную падтрымку, і з удзячнасцю ўзгадаў тых, хто дапамог яму адкрыць і рэалізаваць пакліканне і на працягу трыццаці гадоў верна несці душпастырскае служэнне.
Біскуп Буткевіч у гаміліі казаў пра ролю святара ў сучасным свеце, якая вельмі важная, бо для людзей кожны святар працягвае заставацца вялікім аўтарытэтам.
Старшыня беларускага епіскапату дадаў, што святар з'яўляецца пасрэднікам паміж чалавекам і Богам, таму заўсёды павінен знаходзіцца ў жывых адносінах са Створцам.
Іерарх падкрэсліў важную рысу, якой павінен адзначацца кожны святар – быць чалавекам для сваіх вернікаў, якія былі яму даручаны Касцёлам.
Біскуп Віцебскі заахвоціў вернікаў маліцца ў сем'ях у інтэнцыі новых пакліканняў да святарскага служэння, каб у нашым Касцёле не было недахопу ў тых, хто абвяшчае Евангелле і ўдзяляе святыя сакрамэнты.
На заканчэнне Эўхарыстыі выстраілася вялікая чарга вернікаў, якія хацелі выказаць віншаванні свайму душпастыру, былому ці сённяшняму. Прагучала шмат цёплых слоў у яго адрас.
Вернікі дзякавалі юбіляру за тое, што ён ёсць, што ён заўсёды даступны і жыве не для сябе, а для іншых.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч, далучыўшыся да віншаванняў, падсумаваў гэтую прыгожую ўрачыстасць, пажадаўшы ксяндзу каноніку дачакацца залатога юбілею святарскага служэння. Затым на заканчэнне Імшы ўсе прысутныя біскупы ўдзялілі вернікам пастырскае благаслаўленне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі