У новым нумары газеты Гродзенскай дыяцэзіі “Слова Жыцця” размаўляем з куратарам падрыхтоўчага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Паўлам Эйсмантам пра сучаснае пакаленне хлопцаў, якія хочуць стаць святарамі. Гутарым пра сённяшнюю праграму навучання і праблемы, якія паўстаюць перад адказнымі за фармацыю семінарыстаў.
“Апостал беларушчыны” – гісторыя пра кс. Міхала Шалкевіча, які быў пробашчам тракельскай парафіі 100 гадоў таму. Яго напаткаў страшны лёс, стандартны для святара ХХ стагоддзя на нашых землях – цкаванні за “беларускі нацыяналізм”, лагер у Сібіры пасля вайны, рэпатрыяцыя ў Польшчу. Прапануем чытачам матэрыял Ангеліны Марцішэўскай.
Ксёндз Юрый Марціновіч падрыхтаваў матэрыял з нагоды ўрачыстасці Спаслання Духа Святога. “Пара перастаць думаць пра Духа як пра нейкага казачнага персанажа, які падказвае на экзамене, які зрабіць выбар”, – заахвочвае наш рэдактар.
Пра “Канікулы з Богам”, адзін з найбольш паспяховых праектаў беларускага Касцёла, гутарым з былым дырэктарам Пастаральнага Цэнтра пры ККББ кс. Міхаілам Цвячкоўскім МІС. У чым сакрэт поспеху, чаму, нягледзячы ні на што, Касцёл працягвае губляць моладзь і што з гэтым рабіць? З жодзінскім святаром размаўляе Арцём Ткачук.
Андрэй Вашкевіч піша пра касцёл у Вярэйках, пабудаваны ў стылі позняга класіцызму, і яго модны на час будаўніцтва выгляд. Гісторыя гэтага касцёла – тыповая для святыні, якая падтрымлівала добрую памяць пра сваіх фундатараў. Раім матэрыял аматарам падарожжаў.
Як заўжды, разважаем над Словам з рыма-каталіцкім і грэка-каталіцкім святарамі. Заахвочваем разам з намі разгледзець яго ў фокусах заходняй і ўсходняй традыцый.