22 мая ў парафіі св. Ліна ў Пелясе (Радунскі дэканат) адбылася ўрачыстая Імша, на якой пробашч парафіі кс. Леон Ладыш дзякаваў Богу за 30 гадоў святарскага служэння.
Прэзбітэрскае пасвячэнне ўдзяліў яму біскуп Аляксандр Кашкевіч у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне 24 мая 1992 г.
На ўрачыстасці, якая пачалася асвячэннем алтара, у цэнтры якога знаходзіцца абраз Езуса Міласэрнага, сабралося шмат парафіян і гасцей. Імшу ў інтэнцыі шаноўнага юбіляра цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Гамілію прамовіў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які знаёмы з ксяндзом Ладышам ужо больш за 30 гадоў.
Іерарх падкрэсліў, што ксёндз Леон распачаў сваё святарскае служэнне ў 90-я гады, калі быў маладым і энергічным, каб аднаўляць Касцёл, моцна паранены камунізмам і атэізмам.
Біскуп адзначыў, што ў гэты дзень належыць выразіць вялікую ўдзячнасць Богу за слова “так”, якое калісьці Яму сказаў ксёндз Леон. Усіх прысутных у касцёле іерарх папрасіў святую Камунію на гэтай Імшы ахвяраваць у інтэнцыі юбіляра.
Таксама біскуп разважаў пра святарства, якое з’яўляецца вялікім дарам і таямніцай, і дадаў, што сёння адчуваецца вялікі недахоп святароў. Ён нагадаў пра ініцыятыву, распаўсюджаную асабліва на Захадзе, – духоўнае ўсынаўленне святара, і ў сувязі з гэтым спытаўся ў вернікаў парафіі, колькі часу яны прысвячаюць малітве за свайго душпастыра.
Як заўважыў біскуп, кожны святар моліцца на Брэвіярыі за ўвесь свет, кожны пробашч цэлебруе Імшу ў інтэнцыі сваёй парафіяльнай супольнасці.
Іерарх падкрэсліў таксама, што кожнаму святару важна трымацца Маці Божай, бо Езус Хрыстус пакінуў Яе людзям, каб Яна дапамагала сфармаваць малады Касцёл, і першы, хто мае доступ да Марыі, – гэта святар. Кожнага святара Марыя ахінае плашчом малітоўнай апекі, дадаў біскуп. Ён пажадаў юбіляру адчуваць радасць ад свайго служэння і дачакацца 50-годдзя святарства, каб праспяваць Богу гімн падзякі.
На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч выказаў ксяндзу Леону словы ўдзячнасці за служэнне ў парафіі і за 30-гадовае служэнне Касцёлу.
У гэты дзень пастыр Касцёла на Гродзеншчыне ў знак удзячнасці прызначыў кс. Ладыша ганаровым канонікам катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.
Новапрызначаны кс. канонік Леон Ладыш падзякаваў біскупам за малітву ў яго інтэнцыі і за прысутнасць, а ўсім вернікам – за дар малітвы і штодзённае спадарожнічанне яму ў святарскім служэнні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Леанід Івашка