21 мая ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі. Дзеці ў парафіі ўпершыню прынялі Пана Езуса ў свае сэрцы.
За дзень да гэтага дзеці прыступілі да споведзі, упершыню спазнаўшы ў сакрамэнтальным акце Божую Міласэрнасць і прабачэнне.
Урачыстасць пачалася перад уваходам у касцёл, дзе пробашч кс. Аляксандр Шэмет прывітаў і благаславіў маленькіх парафіян. Дзеці стараліся вельмі актыўна ўдзельнічаць ва ўсёй Эўхарыстыі. Момант, калі яны першы раз, з сур’ёзнасцю і засяроджанасцю, прынялі святую Камунію, быў незвычайна ўзрушальным і радасным.
Яны ўважліва слухалі гамілію, а праз хвіліну годна ішлі разам з бацькамі да алтара, несучы дары.
Увесь тыдзень пасля Першай Камуніі, “Белы тыдзень”, для дзяцей працягнецца радасць прыняцця Хрыста Эўхарыстычнага. Яны будуць удзельнічаць у маёвых набажэнствах і вячэрняй Імшы ў сваёй парафіі.
Заахвочваем памятаць у нашых малітвах пра гэтых дзяцей, каб яны заўсёды былі верныя Пану Езусу.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі