Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прызначыў пяць новых канонікаў катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.
Пра гэта было абвешчана 23 мая падчас сустрэчы для святароў, законных сясцёр і свецкіх катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).
Сустрэча была нагодай падзякаваць Пану Богу за 31 год біскупскага служэння біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і за 2021-2022 катэхетычны год, які падыходзіць да завяршэння.
Новымі канонікамі сталі:
ксёндз Віталій Вайцяхоўскі, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне
ксёндз Юрый Бяганскі, кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат)
ксёндз Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі
ксёндз Андрэй Зноска, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе (Лідскі дэканат)
ксёндз Леон Ладыш, пробашч парафіі св. Ліна ў Пелясе (Радунскі дэканат).
Падзякаваўшы святарам за шматгадовае ахвярнае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп пажадаў ім Божага благаслаўлення і шчодрасці ўсялякіх ласкаў на службе Хрыстоваму Касцёлу.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі