Skip to main content

Сакрамэнт канфірмацыі ў Вялікай Бераставіцы: маладыя людзі – надзея Касцёла

berestowica 5017 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы. На святой Імшы, якая з кожным годам робіцца ўсё прыгажэйшай, іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці.

Дарамі Святога Духа ўзбагаціліся ў гэты дзень 30 маладых людзей, якія абавязаліся мужна вызнаваць сваю веру і жыць паводле яе прынцыпаў.

На пачатку Эўхарыстыі бацькі маладых парафіян звярнуліся да іерарха з просьбай удзяліць сакрамэнт іх дзецям. Яны выказалі ўпэўненасць, што атрыманыя дары Духа дапамогуць ім быць сведкамі Бога ў сённяшнім свеце, поўным розных навінак і імкнення да палягчэння жыцця.

Гамілію падчас Імшы, якую біскуп цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, прамовіў прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. Юрый Марціновіч.

berestowica 41

Святар падкрэсліў, што дары Духа – гэта заданні, якія атрымлівае чалавек. Як дадаў ён, на зямлі кожны Божы дар з’яўляецца заданнем, якое мы павінны выканаць, а калі выканаем, то чарговым дарам будзе Яго дапамога.

На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч а. Вальдэмар Слота CSsR падзякаваў біскупу за прыбыццё ў парафію і ўдзяленне сакрамэнту. Сваіх маладых парафіян рэдэмптарыст назваў “прыгожай кветкай Касцёла”, пажадаўшы ім працягваць узрастаць у гэтай Божай ласцы і памнажаць дары, атрыманыя ў канфірмацыі.

berestowica 30

Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што ў гэты дзень, калі яны прыступілі да сакрамэнту хрысціянскай сталасці, Касцёл глядзіць на іх з вялікай надзеяй, што дзякуючы іх моцнаму жаданню жыць з Богам нашы святыні будуць і далей напоўнены людзьмі, а вера на нашай зямлі будзе развівацца.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, падзякаваўшы святарам парафіі, найперш пробашчу, які асабіста катэхізаваў моладзь, сястры Мірыям, бацькам і сведкам канфірмаваных, пажадаў парафіяльнай супольнасці далейшага ўзрастання і развіцця, а таксама Божага благаслаўлення ў кожнай сям’і і доме.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі