16 мая ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Андрэя Баболі ў Казловічах (дэканат Гродна-Усход) шматлікія мясцовыя вернікі і госці сабраліся разам на святкаванні 100-гадовага юбілею аднаўлення і асвячэння касцёла.
Гэты дзень для святкавання такога значнага юбілею быў абраны невыпадкова, бо ў парафіі адзначалася адпустовая ўрачыстасць з нагоды літургічнага ўспаміну яе апекуна св. Андрэя Баболі, мучаніка нашай зямлі. Акрамя таго, у гэты дзень у касцёл былі ўнесены яго рэліквіі.
Рэліквіі, якія ўнёс у святыню біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, былі перададзены ў дар былым пробашчам парафіі кс. канонікам Андрэем Садоўскім, які зараз служыць у Беластоцкай архідыяцэзіі ў Польшчы.
Усіх шматлікіх прысутных святароў на чале з дэканам дэканату Гродна-Усход кс. канонікам Паўлам Шанчуком, сясцёр законных, парафіян і гасцей прывітаў пробашч кс. Яўген Барысюк.
Імшу цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, за ўсіх, хто прычыніўся да паўстання гэтай святыні, і за ўсіх святароў, якія служылі ў гэтай парафіі.
Гамілію прамовіў пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы (дэканат Гродна-Захад) кс. Тадэвуш Крыштопік, які паходзіць з парафіі ў Казловічах. Свае разважанні ён прысвяціў постаці святога Андрэя Баболі, якога называлі “душахватам” за яго вялікі апостальскі поспех.
Ксёндз Крыштопік адзначыў, што святы гарэў агнём любові, ад якога загараліся іншыя. Будучы верным Езусаваму Евангеллю, ён імкнуўся лячыць раны Касцёла, які раздзірала адсутнасць адзінства. Не зламалі яго нават самыя жорсткія пакуты, прычыненыя яму раз’юшанымі казакамі ў Янаве Палескім.
Святар нагадаў, што Андрэй Баболя прыняў мучаніцкую смерць у 1657 г., да канца адданы Богу ў сваёй ахвяры, а сваё мучаніцтва пераносіў у духу малітвы, якую Езус звяртаў у вячэрніку да Айца: “…каб былі адно!” (пар. Ян 17, 20-26).
Біскуп Кашкевіч падзякаваў пробашчу парафіі за клопат аб святыні і даручаных яму верніках, а парафіянам – за трыванне ў веры і прывязанасць да свайго касцёла. Шмат мясцовых парафіян сёння жыве ўжо ў Гродне, але цёплыя пачуцці злучаюць іх са сваёй роднай парафіяй, таму яны рэгулярна наведваюць не толькі могілкі, дзе пахаваны іх блізкія, але пры нагодзе і Імшу ў сваім касцёле.
Іерарх падкрэсліў важнасць перадачы веры наступным пакаленням, каб гэтае адчуванне сябе супольнасцю Божых дзяцей не знікла, а вера клапатліва перадавалася дзецям і моладзі.
Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол старадаўняга касцёла, які на працягу сваёй гісторыі перажыў шмат. У гісторыі гэтай святыні, як у калейдаскопе, змяняліся гаспадары і веравызнанні: грэка-католікі, рыма-католікі, вернікі Усходняй Царквы і амаль праз шэсцьдзесят гадоў – вяртанне да Рыма-Каталіцкага Касцёла.
Гэтае месца вельмі адрозніваецца ад тых, да якіх мы прызвычаены. Сціплы драўляны будынак нічым не нагадвае ўзнёслых раскошных святыняў, якіх сёння шмат у нашай дыяцэзіі. У ім няма пазалочаных алтароў, амбонаў з бясцэнных гатункаў дрэва, паліхроміі ці цудатворных абразоў у прыгожых разьбяных рамах. Аднак столькі гадоў у гэтую святыню прыходзяць вернікі, жадаючы адчуць блізкасць Бога, прысутнасць якога адчуваецца тут у пануючай цішыні, паху старога дрэва і нават у ціхім рыпенні касцёльнай лавы.
Дастаткова пабыць у гэтым месцы хаця б хвіліну, каб зведаць спакой і ўлагоджванне душы. У цішыні адчуць біццё ўласнага сэрца, свае думкі, словы нямой малітвы, а таксама блізкасць тых, якія ўжо адышлі, але чый след застаўся тут на вякі.
Касцёл у в. Казловічы пабудаваны ў першай палове ХIХ ст., у 1859 г. адноўлены мясцовай землеўладальніцай графіняй Светчынай з роду Біспінгаў.
Быў забраны ў католікаў і перароблены ў праваслаўную царкву. Мясцовыя каталіцкія вернікі былі далучаны да азёрскай парафіі. У 1920 г. святыня была пераасвячана ў рыма-каталіцкі касцёл пад падвойным тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Андрэя Баболі Мучаніка.
У 1920-1922 гг. адбывалася перабудова касцёла, былі дабудаваны дзве чацверыковыя вежы. Парафія атрымала пробашча ў 1923 г., ім стаў кс. Станіслаў Хадыка, які працаваў тут да 1932 г. Затым пробашчамі былі кс. Казімір Маліноўскі (памёр у 1934 г.), кс. Ян Гой (1935-1937 гг.), кс. Станіслаў Саросек (чэрвень 1937 г. – верасень 1939 г.). У 1939 г. колькасць вернікаў парафіі перавышала 1000 чалавек.
З кастрычніка 1939 да чэрвеня 1947 г. пробашчам быў айцец францішканін Ян Цэцыліян Рудніцкі з Гродна. З верасня 1939 г. на плябаніі таксама знаходзіліся сёстры назарэтанкі з Гродна, якія патаемна навучалі дзяцей рэлігіі. Ксёндз Станіслаў Смялоўскі быў пробашчам з 1948 г. (памёр 1 снежня 1964 г.). Ён апекаваўся таксама вернікамі парафій у Азёрах і Жытомлі. Пасля яго смерці вернікі засталіся без святарскай апекі.
12 верасня 1969 г. касцёл быў зачынены паводле рашэння Гродзенскага райвыканкама. Больш-менш каштоўныя рэчы перавезлі ў пабернардынскі касцёл у Гродне, а казловіцкую святыню зрабілі збожжасховішчам, якое доўгі час пуставала і паступова ператварылася ў паўразбураны будынак.
Адраджэнне касцёла пачалося ў 1989 г. дзякуючы намаганням старшыні парафіяльнага камітэта Грыгорыя Абуховіча. 16 мая 1990 г., ва ўспамін св. Андрэя Баболі (парафіяльная ўрачыстасць), адбылася першая святая Імша.
Кс. Юрый Марціновіч