Skip to main content

Удзельнікі АД “OPEN” правялі малітоўнае чуванне

Чуванне моладзі ў духу Тэзэ адбылося ў Пабрыгіцкім касцёле 4 снежня пасля вячэрняй св. Імшы. Малітоўнае спатканне было прымеркаванае да падрыхтоўкі гродзенцаў да ўдзелу ў Еўрапейскай сустрэчы моладзі ў Берліне, якую 28 снежня – 1 студзеня арганізоўвае экуменічная супольнасць братоў Тэзэ.

Малітоўнае чуванне – гэта, як распавёў кіраўнік душпастырства “OPEN” кс. Антоні Грэмза, малітва па прыкладзе супольнасці братоў Тэзэ, якая адбываецца ў духу слухання Божага слова і сумеснай малітвы. ”Спачатку мы разважаем словы псальмаў, слухаем спевы-каноны, Божае слова, прыбываем у цішыні, разважаючы яго, пасля чаго ўзносім нашы супольныя малітвы, якія вынікаюць з нашых духоўных патрэб і са штодзённага жыцця, асабліва молімся за еднасць хрысціян, бо гэта асноўная думка супольнасці братоў Тэзэ”, – падкрэсліў кс. Антоні.

Наколькі важны ўдзел у такіх чуваннях, распавяла адна з удзельніц сустрэчы: “Мне гэтыя сустрэчы патрэбны для таго, каб духоўна абагаціцца. З часам можа здарацца, што людзі губляюць Бога, і менавіта падчас чуванняў можна знайсці Бога і вярнуць Яго ў душу, паразмаўляць з Ім. Нават гэтая цішыня – гэта магчымасць пачуць голас Бога. Гэта таксама важна ў падрыхтоўцы да сустрэч моладзі ў духу Тэзэ ў Берліне, таму што мы прыязджаем туды і ўжо ведаем, што нас чакае, бо мы ўжо духоўна падрыхтаваны”.

Многія едуць на такую сустрэчу ўпершыню, таму такія падрыхтоўчыя малітоўныя сустрэчы гэтым удзельнікам асабліва патрэбны. Перад паездкай у Берлін для ўдзельнікаў запланаваны тры малітоўныя сустрэчы, аднак моладзь з АД “OPEN” праводзіць рэгулярныя чуванні раз на месяц.

Наступнае малітоўнае чуванне ў духу Тэзэ адбудзецца 18 снежня ў Пабрыгіцкім касцёле.