14 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Індустрыяльны).
На Эўхарыстыі, якая цэлебравалася ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці групе з 18 маладых людзей.
Пробашч парафіі а. Аляксандр Махнач SP ад імя кандыдатаў да канфірмацыі звярнуўся да біскупа з просьбай удзяліць ім сакрамэнт, беручы пад увагу іх жаданне яго прыняць і падрыхтоўку, якую яны прайшлі. Затым на словы іерарха кандыдаты супольна адказалі, якіх ласкаў чакаюць ад Бога ў канфірмацыі, і аднавілі абяцанні хросту.
Пасля спецыяльнай малітвы біскуп удзяліў сакрамэнт, здзейсніўшы гэта праз намашчэнне алеем хрызма, якім зрабіў знак крыжа на чале кожнага канфірмаванага, выражаючы пры гэтым адпаведную сакрамэнтальную формулу.
Звяртаючыся да тых, хто быў узбагачаны сямю дарамі Духа Святога, біскуп адзначыў, што ў душах маладых людзей, якія прыступілі да канфірмацыі, адбываецца тое ж, што было з апосталамі ў вячэрніку: яны сталі напоўненыя Духам.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Дух Святы ўмацоўвае ў адважным вызнаванні веры, робіць здольным мужна выступаць у яе абарону і штодзённа даваць сведчанне ўласным жыццём, згодным з навукай Хрыста.
На заканчэнне літургіі прадстаўнікі канфірмаваных выказалі біскупу падзяку за ўдзяленне сакрамэнту, а таксама падзякавалі сваім душпастырам за тое, што падрыхтавалі іх да гэтай падзеі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі