Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці

bezmowanie 910 мая ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне, у якой служаць святары Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцане), Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў моладзі і дарослым сакрамэнт канфірмацыі. Да сакрамэнту прыступілі 90 чалавек.

Канфірмацыя з’яўляецца сакрамэнтам, у якім Святы Дух удзяляецца ахрышчанаму чалавеку як дар, што дазваляе больш дасканала яднацца з Касцёлам, умацоўвае і абавязвае да таго, каб чалавек, які прымае гэты сакрамэнт, словам і ўчынкам быў сведкам Хрыста, пашыраючы і баронячы веру.

 У гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, што ў сучасным свеце вельмі цяжка быць сведкам Езуса, тым, які без страху вызнае сябе веруючым, які гатовы аддаць за Яго жыццё. Адначасова іерарх адзначыў прыгажосць гэтага сведчання.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі заклікаў усіх вернікаў быць удзячнымі Богу за тых, хто перадаў нам веру: бацькоў, дзядуляў і бабуль, святароў і катэхетаў. Таксама ён заахвоціў моладзь і дарослых годна і сумленна прымаць адказнасць за перадачу веры наступным пакаленням.

На заканчэнне святой Імшы маладыя людзі выказалі словы ўдзячнасці арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, ксяндзу пробашчу Яну Этэлю SCJ і ўсім тым, хто непасрэдна падрыхтаваў іх да сакрамэнту хрысціянскай сталасці.

Кс. Генадзь Лаўніковіч SCJ