9 мая ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы (Сапоцкінскі дэканат) адзначалася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Станіслава, біскупа і мучаніка.
Адпустовую Імшу ў парафіяльным касцёле ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі іерарх удзяліў групе вернікаў сакрамэнт канфірмацыі.
Усіх прысутных – духавенства дэканату на чале з дэканам кс. Антоніем Абухоўскім, шматлікіх парафіян і гасцей – прывітаў пробашч кс. Павел Гедройць.
У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. Юрый Марціновіч нагадаў пра асобу святога Станіслава, чый культ вельмі жывы ў мясцовай парафіяльнай супольнасці. Святар падкрэсліў, што сілай апекуна гэтай парафіі заўсёды былі сталая вера, любоў да Бога і клопат аб збаўленні людзей. Яны ўтваралі фундамент жыцця і пастырскага служэння святога.
Ксёндз Марціновіч адзначыў, што Станіслаў, Кракаўскі біскуп са Шчэпанава, ставіць перад сучаснымі хрысціянамі выклік, каб яны таксама кожны дзень узрасталі ў святасці.
“Трэба, каб мы, як сыны і дочкі гэтай зямлі, на якой паставіў нас Пан, адчулі сябе адважнымі і адказнымі за працяг гэтага ланцугу святасці і перадалі яго будучым пакаленням як найкаштоўнейшы скарб”, – дадаў святар.
На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да маладых людзей, узбагачаных у гэты дзень дарамі Духа Святога ў сакрамэнце, заахвоціў іх будаваць сваё дарослае жыццё, абапіраючыся на скалу Божай ласкі, не шкадуючы намаганняў, каб трываласць іх жыцця засноўвалася на вернасці Богу і Яго запаведзям.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заклікаў моладзь сведчыць жыццём пра Езуса, а таксама абвяшчаць у месцах сваёй вучобы і працы вечныя евангельскія каштоўнасці – дабро, мір, справядлівасць, любоў.
Урачыстасць завяршылася літаніяй да святога Станіслава, пасля якой адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Вернікі дзякавалі Пану Богу за свайго апекуна, які кожны дзень вучыць іх адважна ісці за Езусам, Добрым Пастырам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі