Skip to main content

Урачыстасць святога Францішка ў гродзенскай катэдры

Урачыстая св. Імша з нагоды дня святога Францішка Ксаверыя, заступніка гродзенскай катэдральнай базілікі, адбылася ў катэдры 3 снежня. Падчас св. Імшы святары і вернікі дзякавалі Богу за апеку св. Францішка над парафіяй і катэдральнай базілікай.

На ўрачыстасць у катэдру прыбылі шматлікія госці – святары з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Гамілію прамовіў ксёндз-рэктар Юзаф Станеўскі. Ён узгадаў гісторыю жыцця св. Францішка, а таксама сённяшнія часы, якія патрабуюць нашага місійнага служэння. Урачыстую св. Імшу ўпрыгожваў спевамі хор “Cantate Domini”.

Перад св. Імшой ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч узгадаў асобу святога Францішка. Вялікі місіянер-езуіт, ён прысвяціў сябе здабыванню верных душ для Божага Валадарства, вырушыў у паганскія краіны Індыі, навяртаючы, навучаючы і абвяшчаючы Божае Евангелле. Ён меў вялікія планы, нават вырушыў у бок Кітая, але па дарозе Пан адклікаў яго з гэтай вялікай місіі, каб святы Францішак мог цешыцца ў супольнасці святых і абраных. Касцёл абвясціў яго святым заступнікам місій.

Касцёл з’яўляецца місійным, яго задача – навучанне, абвяшчэнне Евангелля Хрыста. Мы, браты і сёстры, удзячныя тым, хто ў цяжкія часы спяшаўся і надалей спяшаецца, каб Божае слова было пачутае, – сказаў на пачатку св. Імшы ксёндз біскуп. – Мы таксама ўзгадваем цяжкія для гэтага месца часы, калі святыня не мела святара. Нам і сёння не хапае святароў, гэтая зямля патрабуе абвеснікаў Хрыстовага слова. Мы павінны маліцца аб святарскіх пакліканнях. Ксёндз біскуп у сваёй прамове дадаў: “Мы ўдзячныя тым, хто падтрымлівае Касцёл на Усходзе не толькі матэрыяльна, але перадусім духоўна. Я ўсіх заахвочваю да малітвы ў інтэнцыі святароў, якія падтрымліваюць Касцёл на Усходзе, дапамагаюць таму, каб на гэтых землях пашыралася Божае Валадарства”.