7 мая ў Смаргоні моладзь з салезіянскага араторыя ў Мінску разам з дарослымі праз тэатральную ігру, спеў і танец распавяла пра жыццё, дзейнасць і мучаніцкую смерць ксяндза Уладзіслава Вячорка, салезіяніна, які ахвярна служыў вернікам у мястэчку Параф’янава на Глыбоччыне.
Спектакль паказалі на сцэне моладзевага араторыя імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі святога Міхала Арханёла. Гэта ўжо другое прадстаўленне спектакля.
Салезіянская сям’я Мінска з нагоды юбілею прысутнасці салезіянаў на Беларусі стварыла адмысловы гістарычны спектакль-драму пра мала каму вядомага мучаніка нашай зямлі – кс. Уладзіслава Вячорка SDB.
Ксёндз Уладзіслаў Вячорэк нарадзіўся 2 красавіка 1903 года ў Малой Туры каля Рыбніка (Польшча). Вучыўся ў нямецкай школе ў Ядлоўніку. Працаваў на шахце па здабычы каменнага вугля. Скончыў Дзяржаўную настаўніцкую семінарыю ў Вэнграве. Вучыўся ў школе ў Бзе.
Пачуўшы голас паклікання, захацеў стаць духоўным сынам ксяндза Боско. Салезіянскі навіцыят праходзіў у 1925–1926 гадах у Чэрвінску. 26 верасня 1926 года прынёс першыя манаскія абяцанні. Пасля вучыўся ў Кракаве, 26 верасня 1929 года прынёс вечныя манаскія абяцанні. Калі быў семінарыстам, паехаў на місію ў Кітай, але з-за праблем са здароўем вярнуўся ў Польшчу.
Святарскае пасвячэнне ўдзяліў яму 21 чэрвеня 1936 года ў Кракаве біскуп Станіслаў Распонда. Ксёндз Вячорэк працаваў катэхетам у салезіянскім цэнтры на вул. Добрай Рады ў Вільні, пасля такую ж пасаду заняў у рамеснай школе ў Дварцы (сёння Дзятлаўшчына). Пасля таго як савецкая ўлада ліквідавала дом у Дварцы, паехаў у Вільню і стаў кіраўніком сталярнай школы. Адгукнуўшыся на просьбу арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, прыняў удзел у “місіі Усход”.
Працаваў у Барысаве, Зембіне, Параф’янаве. 29 чэрвеня 1942 года быў арыштаваны гестапа за душпастырскую і катэхетычную дзейнасць і пасаджаны ў турму ў Беразвеччы. Расстраляны з групай святароў і свецкіх вернікаў 4 ліпеня 1942 года ў Барку каля Беразвечча.
Спектакль, як сцвярджае рэжысёр-пастаноўшчык драмы кс. Артур Ляшнеўскі SDB, з’яўляецца данінай павагі да гэтага святара-мучаніка і памяці пра яго. “Я вельмі рады, што гэты спектакль убачылі людзі і праз гэта даведаліся пра ксяндза Уладзіслава, майго сабрата. Я моцна веру, што калісьці ён будзе беатыфікаваны, я ўжо малюся праз яго заступніцтва”, – дадаў кс. Артур.