Skip to main content

Урачыстасці Дыяцэзіяльнага дня маці з удзелам біскупа Гродзенскага прайшлі ў Тракелях

dzien maci trok 431 мая ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбыліся галоўныя святкаванні Дыяцэзіяльнага дня маці.

У гэты дзень шмат вернiкаў з розных куткоў дыяцэзіі прыбылі ў тракельскую святыню, каб памаліцца за самага блізкага чалавека – сваю маму. Некаторыя прыйшлі пешкі з Ліды, а таксама з іншых месцаў.

dzien maci trok 28

Пачаліся ўрачыстасці з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі дзякавалі Богу за сваіх матуль, якія перадалі жыццё і веру.

Кульмінацыяй святкаванняў была Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі ўсіх маці дыяцэзіі: як жывых, так і тых, хто ўжо адышоў у вечнасць.

Іерарх асабліва заахвоціў да малітвы за маці, якія яшчэ толькі носяць пад сэрцам новае жыццё, каб яны цанілі яго як найбольшы Божы дар.

У гаміліі біскуп адзначыў, што найчысцейшая і самая бескарыслівая любоў – гэта любоў маці. “Матчына любоў – адзін з самых цудоўных дароў, які Бог даў чалавеку. Калі хто і не мае зямной маці, ён не сірата, бо ў нас ёсць Марыя – наша нябесная Матуля”, – дадаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што маці – першы чалавек, якога мы сустракаем на дарозе нашага жыцця, які з самага пачатку поўны клопату аб нашым існаванні, нашай будучыні.

“Яна – поўная непакою і страху, цеплыні і сардэчных пачуццяў, адданая без рэшты свайму вялікаму скарбу, дорачы яму сваю любоў, час, сілы і сэрца”, – дадаў біскуп.

Іерарх адзначыў, што “маці першая нас прыняла адкрытым сэрцам і поўнасцю, і яна найлепш здольная захіліць ад дзіцяці негатыўныя бакі жыцця: боль, недахоп, нязручнасці. Замест гэтага яна адкрывае яму тое, што ў жыцці найпрыгажэйшае”.

Усіх сабраных вакол палявога алтара біскуп заклікаў дзякаваць Пану Богу за сваіх зямных маці, выказваць ім удзячнасць і любоў, маліцца за іх.

dzien maci trok 32

Звяртаючыся да ўсіх прысутных маці, іерарх падзякаваў ім за сэрцы, поўныя любові і дабрыні, за клапатлівыя, любячыя вочы, спрацаваныя рукі, бязмежную любоў.

Спевам літургію аздобіў хор “Ружы Марыі” парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні.

dzien maci trok 36

Пасля Імшы ўдзельнікі ўрачыстасцяў прайшлі Крыжовы шлях, разам з кусташам санктуарыя кс. Юрыем Бяганскім разважаючы аб ролі мацярынства ў сучасным свеце.

На заканчэнне святкаванняў кусташ aдзначыў: “Наша Панна Тракельская хоча, каб у вашых сэрцах, у сем’ях заўсёды панаваў супакой. Давайце будзем шанаваць кожнага чалавека, як сваю маці. Калі мы хочам жыць у супакоі і радасці, то павінны вучыцца гэтаму ад Марыі ў прыняцці Хрыста”.

Таксама святар заахвоціў усіх да ўдзелу ў адпустовых дыяцэзіяльных урачыстасцях, якія пройдуць у тракельскім санктуарыі 9-10 ліпеня.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі