Парафія святой Ганны ў Варончы (Навагрудскі дэканат) атрымала яшчэ аднаго нябеснага заступніка. 1 мая ў парафіяльны касцёл была ўрачыста ўнесена фігура святога Яна Божага.
Гэтая фігура з’яўляецца паменшанай копіяй фігуры заснавальніка Ордэну баніфратраў, якая ў даўнейшыя часы ўпрыгожвала касцёл у Бераставіцы, а сёння знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Святы Ян Божы нарадзіўся 8 сакавіка 1495 г. у Партугаліі. Быў пастухом, пазней уступіў у войска і правёў пэўны час у Афрыцы. Дзякуючы св. Яну Авільскаму ў 1539 г. у Гранадзе (Іспанія) перажыў навяртанне.
Праз год вырашыў апекавацца беднымі, хворымі і разумова адсталымі, для чаго заснаваў шпіталь, у якім лекарскую дапамогу дапаўняў духоўным клопатам. Святы Ян лічыцца першапраходцам у галіне метадычнага дагляду хворых, у тым ліку псіхічнахворых.
Адышоў у вечнасць 8 сакавіка 1550 г. у Гранадзе. Там у базыліцы, якая носіць яго тытул, захоўваюцца яго рэліквіі. Пазней яго духоўныя дзеці склалі статут Ордэну братоў міласэрнасці – баніфратраў. Акрамя трох манаскіх абяцанняў убоства, чыстасці і паслухмянасці баніфратры прыносяць чацвёртае абяцанне – апекі над хворымі.
Святы Ян Божы з’яўляецца апекуном хворых, шпіталяў, санітараў, а таксама кнігагандлёўцаў і друкароў. Яго ўспамін адзначаецца ў Касцёле 8 сакавіка.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі