28 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).
На Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці больш чым 60 вернікам, пераважную частку якіх склала моладзь.
Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі тых, хто ў гэты дзень прымаў дары Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, просячы аб глыбокай веры для іх.
На літургіі маліліся таксама ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце, асабліва ва Украіне. Акрамя таго, маліліся ў інтэнцыі сем’яў, каб яны будавалі сваю штодзённасць на Божым фундаменце.
Звяртаючыся да тых, хто прыступаў да канфірмацыі, біскуп падкрэсліў, што Дух Святы, якога прымае чалавек у гэтым сакрамэнце і які калісьці сышоў на апосталаў у вячэрніку, дае здольнасць быць вучнем Хрыста Пана, але неабходна выканаць адну ўмову – адкрыць сваё сэрца на дзеянне Божай ласкі.
Таму пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў іх заўсёды быць побач з Езусам, спаўняць Божыя запаведзі, а таксама быць здольнымі любіць, прабачаць і служыць Богу і бліжнім.
На заканчэнне Эўхарыстыі прадстаўнікі моладзі выказалі біскупу ўдзячнасць за ўдзяленне сакрамэнту. Таксама яны падзякавалі сваім душпастырам на чале з пробашчам а. Анджэем Ядкоўскім CSsR і катэхетам, якія рыхтавалі да гэтай важнай у іх жыцці падзеі.
У сваю чаргу пробашч, звяртаючыся да маладых парафіян, прасіў іх не змарнаваць свайго жыцця, быць з Панам Богам і даручаць Яму сваё сёння і заўтра.
Рэдэмптарыст выказаў надзею, што маладыя людзі будуць і далей браць актыўны ўдзел у жыцці сваёй парафіяльнай супольнасці, бо менавіта там, як падкрэсліў ён, іх заўсёды чакае Езус Хрыстус, які жадае быць іх найвярнейшым Сябрам.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Галіна Валюшка