23 красавіка, ва ўспамін святога Юрыя, мучаніка, у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Шчучынскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць.
На могілках у Новым Двары знаходзіцца драўляная капліца святога Юрыя, пабудаваная ў 1882 годзе, а ў бакавым алтары касцёла – абраз святога.
Перад Эўхарыстыяй адбылася ружанцовая малітва ў інтэнцыі парафіі, яе пробашча ксяндза Юрыя Кузьміча, які ў гэты дзень адзначаў імяніны, а таксама спынення вайны ва Украіне.
На Імшы, каб разам правесці святочны час, сабраліся шматлікія вернікі і духавенства. Са словамі гаміліі звярнуўся да прысутных ксёндз Павел Урбан, пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы (дэканат Гродна-Усход).
Святар распавёў пра жыццё святога Юрыя – магутнага воіна Хрыста, які на абразах заўсёды прадстаўлены з дзідаю ў руках, якою забівае цмока. У час вялікага пераследу хрысціянскай веры гэты святы не адрокся ад Езуса, у выніку чаго быў катаваны і памёр мучаніцкаю смерцю. Святар адзначыў, што ў Юрыя мы можам навучыцца мужнасці і трываласці ў веры. Ён дадаў, што Ружанец – сапраўдны меч змагання з цмокам, нагадаў, як важна паглыбляць веру праз слуханне Божага слова і малітву за бліжніх, заахвоціў углядацца ў постаць святога Юрыя і ўзносіць праз яго заступніцтва просьбы да Бога.
Сваім спевам літургію аздабляў арганіст навадворскай парафіі Ян.
Парафіяне, у тым ліку моладзь, дзеці і арганіст, павіншавалі свайго пробашча з імянінамі, выказаўшы словы, якія краналі сэрцы – як яго, так і іншых прысутных. Пробашч быў вельмі ўдзячны за кожнае слова, за кожнага святара і верніка, якія знайшлі час прыйсці на гэтую ўрачыстасць, каб правесці яе разам.
На заканчэнне ўсе прысутныя, схіліўшы калені перад Езусам, памаліліся навэннай да Божай Міласэрнасці. Потым адбылася працэсія вакол святыні, падчас якой удзельнікі ўзнеслі да Пана спеў “Цябе, Бога, праслаўляем”, а пасля атрымалі эўхарыстычнае благаслаўленне.
Вікторыя Папко