Пра тое, як прайшла Вялікая пятніца, дзень мукі і смерці Пана, у гродзенскай парафіі Святога Духа, распавядаецца ў нашым матэрыяле.
Вялікая пятніца – дзень мукі і смерці Езуса Хрыста, дзень посту і цішыні, малітвы і пакоры.
Вялікая пятніца – адзіны дзень у годзе, на які асабліва трэба звярнуць увагу, бо менавіта ў гэты дзень ва ўсім свеце няма святой Імшы. У Вялікую пятніцу нельга пачуць ад святара: “Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана”. Чаму? Бо ў гэты дзень іншая ахвяра: Езус аддае жыццё за кожнага з нас на крыжы, каб мы жылі вечна.
Другі дзень Пасхальнага Трыдууму ў гродзенскай парафіі Святога Духа пачаўся з асаблівага Крыжовага шляху, падчас якога вернікі разважалі над мукамі Збаўцы, чытаючы ўрыўкі з Дзённіка святой сястры Фаўстыны.
На набажэнстве Мукі Пана пробашч парафіі ксёндз канонік Павел Салабуда разважаў пра ролю крыжа ў нашым жыцці.
“Езус дае нам асаблівы знак – крыж, які ў нейкі момант жыцця з’яўляецца ў кожнага з нас. Крыж – гэта той знак, які вядзе нас да неба. Гэта той знак, які дае нам надзею ў жыцці. Гэта той знак, які для нас з’яўляецца знакам любові і шчасця”, – звярнуў увагу святар.
Пасля літургіі пачалася адарацыя Крыжа – час, калі кожны мае магчымасць у цішыні паразважаць пра смерць Збаўцы і ўшанаваць крыж праз пацалунак.
Таксама ў гэты дзень у парафіі пачалася навэнна да Божай Міласэрнасці. Адбылася малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці з удзелам маленькіх вернікаў. Малітва будзе праходзіць кожны дзень пасля святой Імшы.
Наталля Лазоўская