Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
У гэтую велікодную раніцу звяртаюся да вас з асаблівай сардэчнасцю, каб падзяліцца радасным пасланнем веры, якое гучыць так: Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Хоць у нашых сэрцах шмат непакою і іх раніць боль з прычыны пакутаў столькіх людзей, якія вымушаны пакідаць свае дамы і краіны, ратуючы жыццё, народы жывуць у няпэўнасці наконт заўтрашняга дня, парушаны грамадскі парадак у многіх краінах, аднак большай і мацнейшай з’яўляецца надзея, якую мы ўскладаем на Бога, Міласэрнага Айца, які „так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (пар. Ян 3, 16).
Богу заўсёды важна, каб мы жылі ў згодзе і міры, а калі змагаліся, то змагаліся са сваімі грахамі і за сваю святасць.
Адзначаючы сёлетнія святы Уваскрасення Пана, будзем прасіць Таго, які стаў “Пераможцам смерці, пекла і шатана”, каб пажадаў захаваць нас у міры, каб дапамог нам захаваць веру, Евангелле і Дэкалог і каб гэтыя каштоўнасці сталі фундаментам міру, на якім мы будзем будаваць сваю будучыню.
Дарагія вернікі дыяцэзіі!
Дзякую ўсім, хто ў гэтыя дні спяшаецца з дапамогай патрабуючым, запэўніваю ў сваёй малітве за тых, каго закранаюць хвароба і цярпенні. Каля пустой грабніцы Езуса прашу аб жывой веры для дзяцей, якія рыхтуюцца да прыняцця Першай святой Камуніі, і аб тым, каб маладыя людзі, якія будуць умацаваны сямю дарамі Духа Святога ў сакрамэнце хрысціянскай сталасці, былі сведкамі Уваскрослага Пана. Няхай усе сем’і будуць моцныя Богам, бо толькі тады яны будуць здольныя перамагчы цяжкасці і перанесці нават найбольшыя жыццёвыя буры.
Перад намі святы жыцця і дабра, надзеі і любові, міру і салідарнасці, збаўлення і міласэрнасці. Жадаю вам усім удзячнасці за дар пасхальных таямніц, бо яны з’яўляюцца задаткам нашага плённага жыцця сёння і ў вечнасці.
На гэты час сустрэчы з Уваскрослым і з бліжнімі ад усяго сэрца вас благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Гродна, Вялікдзень 2022
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі