Па традыцыі ў пятніцу перад Пальмовай нядзеляй – сёлета 8 красавікa – вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча, несучы на плячах крыж, прайшлі вуліцамі Сапоцкіна, разважаючы над мукай і смерцю Езуса Хрыста.
Шматлікія парафіяне – дзеці, моладзь і дарослыя – у гэты дзень праз удзел у набажэнстве далі сведчанне сваёй прывязанасці да Крыжа Езуса Хрыста.
Падчас набажэнства вернікі дзякавалі Езусу за Яго цярпенне, праз якое Ён хацеў паказаць сваю вялікую любоў да чалавека, перапрашалі за свае штодзённыя грахі, якімі нанова прыбіваюць Яго да крыжа, і прасілі аб ласцы трывання ў добрых пастановах для сябе і сваіх блізкіх.
Крыжовы шлях стаў нагодай увайсці ў перажыванне Пасхальнага Трыдууму, які з’яўляецца найважнейшай цэлебрацыяй і падзеяй нашай веры. Сапоцкінскія парафіяне спадзяюцца, што гэтае велікапоснае набажэнства паспрыяе іх духоўнаму адраджэнню, каб праз смерць граху ў жыцці кожнага магло здзейсніцца ўваскрасенне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі