Skip to main content

Пра любоў Бога да чалавека разважалі дзеці і моладзь парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне

baranowicze 122 красавіка ў маладой гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай адбыўся велікапосны дзень засяроджання для дзяцей і моладзі.

Для малодшых парафіян гэта была магчымасць прысвяціць на вясновых канікулах крыху часу Богу і задумацца над сваімі паводзінамі і ўчынкамі.

На сустрэчы дзеці і моладзь разважалі над вялікай любоўю Пана да чалавека. Яны супольна прыйшлі да высновы, што Бог заўсёды атачае нас сваёй любоўю і нам трэба адказваць на яе ўзаемнасцю.

У межах дня засяроджання прысутныя слухалі канферэнцыі, удзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху і адарацыі крыжа.

Адаруючы крыж нашага Збаўцы, яны прасілі прабачэння ў Езуса, між іншым за тое, што не заўсёды Яму верныя, часта забываюцца пра важнасць малітвы і сведчання перад сваімі аднагодкамі пра Божую любоў.

Паколькі гэты дзень быў першай суботай месяца, удзельнікі сустрэчы памаліліся Ружанец, даручыўшы Найсвяцейшай Панне Марыі сябе і людзей, блізкіх іх сэрцам.

Кульмінацыяй дня засяроджання была святая Імша ў часовай капліцы маладой парафіі, якую цэлебраваў яе пробашч кс. Юрый Марціновіч.

У гаміліі святар разважаў пра тое, якім ёсць Пан Бог. Пробашч падкрэсліў, што найвялікшае імя Бога – міласэрнасць.

baranowicze 2

Па словах святара, паколькі Пан нястомна аказвае людзям сваю міласэрнасць, кожны чалавек павінен таксама быць міласэрным да сваіх блізкіх і наогул да ўсіх, каго сустракае.

Ксёндз Марціновіч заахвоціў сваіх малодшых парафіян дзяліцца дабрынёй Бога з тымі, хто вакол іх, і на ўзор св. Фаўстыны Кавальскай быць вестунамі міласэрнасці дома і там, дзе яны вучацца.

Пасля інтэнсіўнага дня дзеці і моладзь вярталіся дадому ўмацаваныя духоўна, з узмоцненай верай, поўныя энтузіязму і запаленыя любоўю, каб чыніць дабро. Таксама яны ўдзячныя парафіяльнай катэхетцы сястры Гелене і яе памочнікам за падрыхтоўку і арганізацыю сустрэчы.

Маладыя парафіяне абяцалі, што будуць старацца ўвасабляць пачутыя словы ў сваё штодзённае жыццё.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі