Skip to main content

Зварот Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адносна дапамогі бежанцам з Украіны

ccbb 1Шаноўныя святары, браты і сёстры манаскіх супольнасцяў, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

У нашым Звароце на Трэцюю нядзелю Вялікага посту — нядзелю Caritas — мы казалі аб тым, што ідзе пошук магчымасці аказаць матэрыяльную і гуманітарную дапамогу пацярпелым ад вайны ва Украіне. Сёння такая магчымасць з’явілася ў сувязі з тым, што наша краіна таксама прымае бежанцаў з ахопленай баявымі дзеяннямі тэрыторыі Украіны.

Таму просім арганізаваць збор ахвяраванняў і рэчаў (вопратка, харчаванне) у парафіях з мэтай перадаць іх бежанцам з Украіны, якія ў актуальны момант знаходзяцца на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі, а дакладна ў Гомельскай вобласці.

Сабраныя пры парафіях ахвяраванні могуць быць пералічаны на разліковы рахунак Caritas Беларусь альбо перададзены ў Курыі дыяцэзій. Збор рэчавай матэрыяльныай дапамогі можна арганізаваць праз парафіяльныя ці дыяцэзіяльныя Caritas.

Ужо цяпер шчыра дзякуем усім, хто адгукнецца на гэты заклік і прыдзе з дапамогай братам і сёстрам, якіх вайна вырвала з нармальнага жыцця і прымусіла шукаць паратунку і дапамогі па-за сваім уласным домам. Няхай нашыя адкрытыя сэрцы і канкрэтны ўчынак стануць для іх прытулкам і выратавальным колам ў бядзе, якая іх напаткала.

На гэтую справу міласэрнасці ад усяго сэрца благаслаўляем.

Каталіцкія біскупы ў Беларусі

Рэквізіты для ахвяраванняў:

р/р BY33PJCB31350544160010000933

у ААТ «Пріорбанк»

Код банка PJCBBY2X

УНП 101124634

Адрас банка: г. Мінск, вул. В. Харужай 31-А

АРІП (ЕРИП)

Нумар паслугі: 446571

Дабрачыннасць, Грамадскія аб’яднанні > Рэлігійныя аб’яднанні > Карытас Беларусь > Ахвяраванні

Тэкст Звароту для друку ТУТ>>>

Паводле Catholic.by