Skip to main content

Брат паўлін Сяргей Калюта з Ваўкавыска прынёс вечныя манаскія абяцанні

kaluta 125 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, законнікі Ордэну паўлінаў прынеслі на Яснай Гары ў Чэнстахове (Польшча) вечныя манаскія абяцанні. На выключнае Божае служэнне ў Ордэне святога Паўла, Першага Пустэльніка, сваё жыццё аддалі дзевяць братоў-семінарыстаў: шэсць палякаў, славак, харват і беларус бр. Сяргей Калюта.

Як паведамляе партал pauliny.by, урачыстую святую Імшу цэлебраваў генеральны настаяцель паўлінаў а. Арнольд Храпкоўскі.

Тры вечныя манаскія абяцанні – чыстасці, убоства і паслухмянасці – іначай называюць евангельскімі парадамі, таму што яны вынікаюць з Евангелля, іх сэнс у тым, каб у вернасці ісці за Хрыстом і быць адданым Яму з непадзеленым сэрцам.

kaluta 2

Брат Сяргей Калюта адзначыў: “Я ведаю, што Маці Божая дапамагае мне трываць. Гэта асаблівы дзень, і я ўдзячны ўсім за духоўную падтрымку, асабліва сям’і і сабратам з Беларусі, якія не змаглі сёння прыехаць у Польшчу. Бог благаслаўляў гэтыя гады, і я ведаю, што гэта мой шлях паклікання, што хачу быць у ордэне ўсё жыццё.

Сёння раніцай айцы ў Беларусі адслужылі Імшу ў маёй інтэнцыі, таму я адчуваю сябе спакойна і дзякую ўсім за падтрымку і малітвы. Я лічу, што ў гэты дзень я не адзін”.

kaluta 3

У гаміліі а. Арнольд Храпкоўскі патлумачыў, што прынясенне вечных абяцанняў азначае згоду на тое, каб Хрыстус пранікаў у жыццё, гэта аддаванне Яму ўсяго, як зрабіла Марыя. Ён падкрэсліў, што Звеставанне Маці Божай і Яе паслухмянасць у жыцці неапрафесаў павінна быць не толькі знакам, які ўказвае накірунак, але і вялікім абавязацельствам, каб сказанае Богу “так” выканаць да канца.

Генеральны настаяцель указаў маладым законнікам на іх служэнне, якое з’яўляецца часткай супольнасці Касцёла: “Сёння вы бярэце на сябе пастаяннае абавязацельства ісці шляхам евангельскіх парад у духу паўлінскай харызмы і служэння ў супольнасці Касцёла. Усё маё жыццё, маё служэнне любові знаходзіцца ў Касцёле, у Касцёле, прыгожым Божай прыгажосцю і параненым чалавечым грахом. Гэты Касцёл – мой дом. Усё, што буду рабіць, дзе я б ні служыў, ведаю, што раблю як заданне Касцёла, у супольнасці Касцёла, часткай якога з’яўляецца ордэн”.

kaluta 4

Айцец Храпкоўскі падкрэсліў, што маладыя законнікі, прыносячы вечныя абяцанні ў гэтым ордэне, таксама прымаюць яго гісторыю як сваю, “пісаную на працягу стагоддзяў служэннем любові нашых братоў”.

“Сёння вы становіцеся надзеяй ордэну на будучыню. Гэта на вас ляжыць абавязак клапаціцца пра будучыню ордэну, яго развіццё і яго служэнне ў духу любові”, – дадаў генеральны настаяцель.

kaluta 5

Пасля Імшы брат Сяргей выказаў словы падзякі: 

“У гэты асаблівы дзень хачу падзякаваць Богу за дар жыцця і паклікання, а таксама за бацькоў і за людзей, якіх Бог паставіў на жыццёвым шляху. Асабліва ўдзячны святарам а. Ежы Саковічу і свайму пробашчу кс. Антонію Філіпчыку за іх прыклад веры”.

Брат Сяргей Калюта нарадзіўся ў 1997 г. у Ваўкавыску. Там жа ў 2008 г. прыняў Першую святую Камунію ў касцёле св. Вацлава.

Фармацыю да святарства пачаў у 2015 г. у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У 2016 г. быў прыняты ў Ордэн паўлінаў. На заканчэнне навіцыяту 8 верасня 2017 г. прынёс першыя часовыя манаскія абяцанні. Вучыцца ў Вышэйшай духоўнай семінарыі айцоў паўлінаў у Кракаве.