Skip to main content

20 год у гродзенскай катэдры існуе Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту

З нагоды 20-годдзя існавання Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту ў катэдры адбылася ўрачыстая св. Імша, якую цэлебраваў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Сёння мы хочам падзякаваць Богу за 20 гадоў існавання Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Молімся ў інтэнцыі гродзенцаў, якія праводзяць адарацыю ў нашых святынях, у нашай катэдральнай базіліцы, дзе адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту адбываецца кожны дзень, а таксама ў іншых парафіях. Напэўна, не буду пералічваць усіх, бо ўсіх пералічыць цяжка, але з вялікай удзячнасцю звяртаюся да сясцёр з Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі, якія выступілі з гэтай ініцыятывай. Гэта вялікі ўнёсак у развіццё Касцёла, гэта вялікая сіла і моц. Столькі малітваў, прамоўленых, можа, не столькі вуснамі, колькі нашым сэрцам. […] За гэты ўдзел, як дар удзячнасці, хачу адправіць гэтую св. Імшу ў інтэнцыі ўсіх членаў Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту нашай Гродзенскай дыяцэзіі”, – сказаў на пачатку св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.

На ўрачыстую св. Імшу прыйшлі шматлікія вернікі, якія ўвесь час прымаюць удзел у адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Адна з іх, сп. Аліна Крывіцкая, распавяла пра Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту.

– Калі ўзнікла Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, і што садзейнічала яго развіццю ў Гродзенскай дыяцэзіі?

Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту пачало развівацца ў Гродзенскай дыяцэзіі 20 гадоў таму, у часы, калі была заснавана структура каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Тады пачалося аднаўленне і развіццё малітоўных груп пры асобных парафіях. 2 лютага 2003 года кс. бп Аляксандр Кашкевіч урачыста распачаў адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту на працягу ўсяго дня ў капліцы Маці Божай Кангрэгацкай у катэдры. З самага пачатку ганаровую варту пры Найсвяцейшым Сакраманце прынялі ўдзельнікі Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Так трывае да сённяшняга дня.

– Як сёння выглядае Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту – колькі чалавек моліцца і ці толькі ў катэдры? Як часта?

Сёння Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту дзейнічае практычна ва ўсіх парафіях Гродна, а таксама па-за яго межамі. Цяжка акрэсліць дакладную колькасць асоб, бо адныя прыходзяць, іншыя ж адыходзяць у вечнасць. Толькі ў катэдры адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту трывае на працягу ўсяго дня – з 9 раніцы да 7 вечара. Тут Адарацыйныя колы з асобных парафій маюць пры Найсвяцейшым Сакраманце свае дыжурствы цягам усяго дня. У парафіях адарацыя адбываецца ў першую адарацыйную нядзелю і першыя чацвяргі месяца.

– Ці толькі жанчыны належаць да Кола Адарацыі? Бо сёння на ўрачыстай св. Імшы былі пераважна жанчыны…

Да Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту можа далучыцца кожны: і мужчына, і жанчына, і духоўныя асобы, і свецкія. Хоць пераважна жанчыны пенсіённага ўзросту з ахвотай прысвячаюць свой час на доўгія адарацыі пры Найсвяцейшым Сакраманце.

– Чым з’яўляецца Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту для яго ўдзельнікаў, і якое значэнне яно мае для ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі?

Адарацыя вядзе членаў Кола да глыбокага яднання з Богам, прысутным у Таямніцы Эўхарыстыі. Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту з’яўляецца вялікім дарам і каштоўным малітоўным вопытам для асобных парафій, дыяцэзіі і паўсюднага Касцёла.