З вялікай надзеяй мы прынялі паведамленне аб тым, што Святы Айцец Францішак здзейсніць прысвячэнне Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Гэтае прысвячэнне адбудзецца 25 сакавіка 2022 года ў 17.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе, падчас пакутнага набажэнства ў базыліцы святога Пятра. Адначасова ў Фаціме (Партугалія), месцы аб’яўлення Маці Божай, кардынал Конрад Краеўскі, спецыяльны пасланнік Святога Айца, здзейсніць чын прысвячэння.
Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, лічым неабходным узмацніць нашу малітву аб спыненні вайны ва Украіне і запрашаем духавенства, манаскіх асоб, вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўсіх людзей добрай волі далучыцца да інтэнцый і малітвы Святога Айца з нагоды гэтай важнай і значнай падзеі.
У залежнасці ад мясцовых магчымасцяў, просім душпастыраў арганізаваць адмысловае набажэнства ў парафіях з чынам прысвячэння, а сясцёр і братоў законных — у сваіх манаскіх супольнасцях у гэты самы час аб’яднацца ў малітве (у 19.00 па мінскім часе). Заахвочваем тых, хто не будзе мець магчымасці асабіста ўдзельнічаць у набажэнстве, сачыць за прамой трансляцыяй праз сродкі масавай інфармацыі, або проста духоўна і малітоўна далучыцца да чыну прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі, як гэтага жадае Папа Францішак.
Разумеючы важнасць гэтай ініцыятывы Пантыфіка, просім да чыну прысвячэння далучыць і нашу ўмілаваную Айчыну Беларусь, якая таксама патрабуе заступніцтва і апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў гэты час.
На гэтую Божую справу ад усяго сэрца благаслаўляем у імя †Айца, і †Сына, і †Духа Святога. Амэн
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Мінск, 21 сакавіка 2022 г.
Паводле Catholic.by