Шаноўныя святары, браты і сёстры манаскіх супольнасцяў, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння мы перажываем Трэцюю нядзелю Вялікага посту, якая ўжо традыцыйна звяртае нашую ўвагу на справы дабрачыннасці, дапамогі нашым бліжнім. Гэтая тэма няспынна прысутнічае на парадку дня дзейнасці паўсюднага Касцёла. Асабліва мы звяртаем на яе ўвагу падчас Вялікага посту як на сродак, без якога намагчыма духоўнае ўзрастанне чалавека, яго поўнае атаясамленне з хрысціянствам.
Што павінна стаць першым крокам на шляху да рэалізацыі дабрачыннасці? Літургія Божага слова сёняшняй нядзелі дае нам адказ на гэтае пытанне.
Па-першае, трэба умець заўважыць побач з сабою чалавека, яго праблему. Прыклад такога стаўлення дае нам сам Бог, прамаўляючы да Майсея з сярэдзіны палаючага цярновага куста, аб чым мы чулі ў першым чытанні: «Я добра бачыў пакуты народа майго ў Егіпце <…>, Я ведаю яго цярпенні” (Зых 3, 7).
Пра гэтую праўду нам ніколі нельга забываць: Бог заўсёды бачыць цярпенні чалавека, яго пакуты. Больш таго, Ён сышоў у сваім Сыне на зямлю, каб прыняць гэтыя пакуты на сябе і такім чынам «вывесці нас з гэтай зямлі ў зямлю добрую і прасторную, дзе сочыцца малако і мёд» (пар. Зых 3, 8). Бог не толькі бачыць нашыя патрэбы: Ён дзейнічае, каб выправіць сітуацыю. Такім чынам Ён дае нам прыклад паступаць падобна, бо, як кажа Езус: «Убогіх заўсёды маеце пры сабе» (Ян 12,8).
Чаму гэта важна? Мы з вамі добра ведаем, што ў справах міласэрнасці і дабрачыннасці крыецца праяўленне любові не толькі да чалавека, але і да Бога: «Той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць» (1 Ян 4, 20).
Таму час падрыхтоўкі да Велікодных святаў, а ў шырэйшым значэнні — да нашай сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом у вечнасці, не можа абысціся без учынкаў і спраў міласэрнасці і дабрачыннасці.
Яны сведчаць і аб нашай веры, якая без такога праяўлення будзе заставацца мёртвай, пра што яскрава павучае нас у сваім пасланні святы апостал Якуб: «Вера без учынкаў мёртвая сама па сабе» (Як 2, 17).
Наступны аргумент нашай адкрытасці на справы людзей патрабуючых дае 103-і Псальм, спяваны ў сённяшняй літургіі: «Благаславі, душа мая, Пана і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы <…>, Ён адпускае ўсе беззаконні твае і вылечвае ўсе твае хваробы. Ён жыццё тваё ратуе ад згубы, літасцю і міласэрнасцю цябе карануе» (Пс 103 (102), 2–4). Калі Бог аказвае такую вялікую міласэрнасць нам, ці не павінны мы быць падобнымі да Яго ў гэтым у адносінах з нашымі бліжнімі? Тое, што сёння мы самі яшчэ не маем патрэбы ў дапамозе, не азначае, што яна не спатрэбіцца нам заўтра. Менавіта таму апостал Павел папярэджвае нас сёння: «Калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці» (1 Кар 10, 12).
Сённяшні свет стварае нам шмат нагодаў, каб праявіць міласэрнасць і адгукнуцца на людскую бяду.
Усё яшчэ актуальнай застаецца эпідэмія каранавірусу, якая стварае сур’ёзны выклік для многіх і многіх людзей. Мы памятаем і нядаўні крызіс з мігрантамі на нашых заходніх межах, да якога наш Касцёл не паставіўся абыякава, і дзякуючы пасільным ахвяраванням вернікаў і людзей добрай волі аказаў дапамогу людзям, якія апынуліся ў цяжкім жыццёвым становішчы.
Вялікі неспакой і боль выклікае чарговая бяда — вайна ў суседняй з намі Украіне, аб спыненні якой мы сёння ўзмоцнена молімся, ахвяруючы Богу свае цярпенні і пост. Нацыянальны Caritas нястомна шукае спосабу аказаць матэрыяльную і гуманітарную дапамогу пацярпелым ад вайны ва Украіне, і як толькі гэта будзе магчыма, мы абавязкова здзейснім гэты канкрэтны акт дабрачыннасці.
Увагі патрабуюць і нашыя блізкія, родныя, якія жывуць з намі ў адным доме, або нашыя суседзі, сярод якіх ёсць інваліды, састарэлыя, самотныя. Нагодаў, каб дапамагчы чалавеку, сапраўды нямала; толькі важна, каб на гэтыя патрэбы мы мелі адкрытыя вочы і адкрытыя сэрцы.
Сёння хочацца ў чарговы раз выказаць словы ўдзячнасці ўсім тым, для каго справа дабрачыннасці не застаецца толькі словамі, хто па-сапраўднаму бачыць у абліччы патрабуючага чалавека аблічча Езуса Хрыста.
Перадусім гэта, канечне, нашыя суполкі Caritas, іх супрацоўнікі і ўсе, хто далучаецца да іх дзейнасці ў якасці ахвярадаўцаў ці валанцёраў.
Як звычайна, застаецца вялікім спіс праектаў і ініцыятыў, рэалізаваных гэтай структурай, дзякуючы якім надалей атрымаліваюць рэальную дапамогу дзясяткі тысяч чалавек, у першую чаргу людзі з абмежаванымі магчымасцямі, інваліды, малазабяспечаныя сем’і, састарэлыя. І ў гэтым ёсць вялікая доля вашай, дарагія браты і ёстры, заслугі. Вядома, дзейнасць кожнага Caritas у большасці праектаў усё яшчэ абапіраецца на дапамогу замежных партнёраў, якім мы таксама выказваем шчырую ўдзячнасць. Аднак ва ўмовах сучаснай сітуацыі атрымаць гэтую дапамогу становіцца ўсё больш складана. Таму сёння ад удзелу простых вернікаў у гэтай справе будзе залежаць эфектыўнасць дабрачыннай дзейнасці Касцёла ў Беларусі, дзейнасці нашых Caritas.
Заахвочваем вас, дарагія браты і сёстры, і ўсіх людзей добрай волі, каб як цяпер, падчас Вялікага посту, так і ва ўсім хрысціянскім жыцці, нягледзячы на сучасныя выклікі і выпрабаванні, застацца здольным бачыць цярпенні і патрэбы бліжніх, каб быць той смакоўніцай, якая прыносіць плод на хвалу нябеснага Гаспадара, збіраючы на ўласную карысць скарб у нябёсах.
На плённае перажыванне Вялікага посту і справы міласэрнасці ад усяго сэрца благаслаўляем: у Імя †Айца, і †Сына, і †Духа Святога. Амэн.
Ад імя каталіцкіх біскупаў у Беларусі
Алег Буткевіч
Старшыня камісіі па справах
дабрачыннасці пры ККББ
Мінск, 17 сакавіка 2022 г.
P.S. Святарам належыць прачытаць гэты зварот падчас кожнай святой Імшы ў Трэцюю нядзелю Вялікага посту.
Тэкст Звароту для друку ТУТ>>>
Паводле Catholic.by