
Аматараў спеваў і музыкі гэтых двух вядомых калектываў у Пабрыгіцкім касцёле сабралася вельмі шмат.
– Голас – гэта Божы дар. Калі мы чуем ваш спеў, нашыя сэрцы сапраўды ўзносяцца ўвысь, да Пана Бога. Добрая музыка і спевы набліжаюць нас да Бога, бо нездарма ж кажуць, што той, хто спявае, моліцца двойчы, – сказаў падчас св. Імшы перад канцэртам кс. Антоні Грэмза, звяртаючыся да ўдзельнікаў хору і ансамбля.
Падчас канцэрта музыкі выконвалі творы самых розных жанраў і кірункаў на польскай, рускай, лацінскай і англійскай мовах. Гэта былі і духоўныя спевы, і народныя песні і танцы, хіты з розных вядомых фільмаў, а таксама класічныя творы і песні сучасных кампазітараў. Гучалі “Ave Maria”, “Польскія кветкі” сястры назарэтанкі Марыі, “Сіняя хустачка”, “Салавей”, “Думка на два сэрцы” і інш. Ансамбль “Art Azart” акампанаваў хору, а таксама зайграў некалькі інструментальных твораў, такіх, напрыклад, як “Танец феі Дражэ” Чайкоўскага, іспанскі танец, “Лотас” Эндру Ёрка.
Таксама на канцэрце прагучаў адзін з самых любімых твораў Папы Яна Паўла ІІ “Човен”, які “Sursum corda” выканаў у сучаснай апрацоўцы кампазітара Гжэгажа Міскевіча.
Па словах рэгента хора Алены Саковіч, рэпертуар “Sursum corda” складаецца ў асноўным з польскамоўных твораў. На дадзены момант калектыў дасягнуў такога высокага майстэрства выканання, што музыканты могуць дазволіць сабе выконваць усё, што падабаецца. На канцэртах хор “Sursum corda” выступае разам з прафесійным ансамблем “Art Azart”. У склад жа хору ўваходзяць не толькі прафесійныя музыканты, кажа сп. Алена. Выступы ладзяцца часцей за мяжой.
– Мы б хацелі больш удзельнічаць у міжнародных конкурсах, але гэта складана з-за фінансавай сітуацыі. Удзел у конкурсах дарагі. Мы не заўсёды можам самі аплаціць усе арганізацыйныя выдаткі. Тут была б дарэчы пэўная падтрымка спонсараў, – распавяла сп. Алена.
Вельмі дапамагло музыкам Генеральнае консульства Польшчы, якое дало ансамблю ў карыстанне дарагія інструменты. Раней “Sursum corda” рэпетыраваў пры парафіі св. Роха ў Грандзічах, аднак з-за нязручнасці даезду рэпетыцыі хору цяпер адбываюцца ў Францішканскі касцёл, дзе вельмі добрая акустыка і ўвогуле спрыяльная атмасфера.
Пасля канцэрта гледачы доўга не хацелі адпускаць музыкантаў бурнымі авацыямі. Тады спевакі падарылі гродзенцам яшчэ адну песню.