6 сакавіка, у І нядзелю Вялікага посту, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў сямі студэнтам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне паслугу лектарату.
Да святарскага служэння семінарысты рыхтуюцца паступова – адбываецца ўскладанне сутаны, удзяленне паслугі лектарату, акалітату, абрад прыняцця ў кандыдаты да пасвячэння ў дыяканы і прэзбітэры, пасвячэнне дыяканату і, нарэшце, прэзбітэрскае пасвячэнне.
Таму прыняцце паслугі лектарату з’яўляецца чарговым крокам на шляху да Хрыстовага святарства, набліжае семінарыстаў да іх мэты.
У гаміліі арцыбіскуп Станеўскі казаў пра значэнне слова. Ён падкрэсліў, што словы могуць параніць, а могуць вылечыць. Таму іерарх пажадаў новым лектарам заўсёды быць сведкамі Евангелля і ўмела дзяліцца ім з іншымі.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі заахвоціў семінарыстаў, каб задачу, якую Касцёл на іх ускладае, яны выконвалі згодна з Божай воляй, а таксама ўзрасталі ў веры і любові ў служэнні Касцёлу.
Прыняццю паслугі папярэднічалі велікапосныя рэкалекцыі, якія завяршыліся напярэдадні семінарыйнай урачыстасці. Дні духоўных практыкаванняў спрыялі больш глыбокай падрыхтоўцы семінарыстаў да чарговага адказнага кроку на шляху да святарства.
Кс. Юрый Марціновіч