У апошнія выхадныя перад Вялікім постам у санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах адбыліся рэкалекцыі для мужчын. Удзельнікі духоўных практыкаванняў разважалі над тэмай паклікання мужчыны.
Як паведамляе партал “Мужчыны святога Юзафа”, у якасці спікера на рэкалекцыі быў запрошаны біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На духоўных практыкаваннях сабраліся ўдзельнікі з Гродна, Баранавіч, Ліды, Росі, Смалявіч і Мінска.
Прамаўляючы гамілію на святой Імшы ў ходзе рэкалекцый, біскуп, у прыватнасці, звярнуўся да прысутных з заахвочваннем: “Спачатку выкінь бервяно з вока свайго”. Гэтыя словы ўзятыя з Евангелля паводле Мацвея, дзе гаворыцца: “Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Або, як скажаш брату свайму: “Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго”, калі ў тваім воку бервяно? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата” (Мц 7, 3-5).
Адзін з удзельнікаў, Алег Жывіцкі, падзяліўся сваімі ўражаннямі пасля завяршэння духоўных практыкаванняў: “Упершыню я трапіў на рэкалекцыі, тэма якіх была “Пакліканне мужчыны”. Я пачуў шмат цікавых для сябе рэчаў! Заклікаю ўсіх, хто яшчэ ніколі не быў на рэкалекцыях, трапіць на іх і паглыбіць свае веды і веру. Далучайцеся да супольнасці “Мужчын святога Юзафа”, каб разам узрастаць духоўна”.