Дарагія браты і сёстры і ўсе людзі добрай волі!
Кожнаму з нас вядома аб ваенным канфлікце які працягваецца ва Украіне.
На Генеральнай Аўдыенцыі, якая адбылася 23 лютага 2022 года ў Зале святога Паўла VI, Святы Айцец Францішак, звярнуўся з наступнымі словамі: "Маю вялікі боль у сэрцы за пагаршэнне сітуацыі ва Украіне… Зараз я хачу звярнуцца да ўсіх, веруючых і няверуючых. Езус вучыў нас, што на д’ябальскую бессэнсоўнасць гвалту неабходна адказваць Божай зброяй, малітвай і постам. Запрашаю ўсіх зрабіць 2 сакавіка, Папяльцовую сераду, Днём посту на карысць міру. Асабліва заахвочваю вернікаў, каб гэты дзень прысвяцілі інтэнсіўнай малітве і посту. Маці Божая, Каралева супакою, захавай свет ад вар'яцтва вайны".
Мы, каталіцкія біскупы Беларусі далучаемся да просьбы Святога Айца, і просім кожнага чалавека добрай волі, а асабліва веруючых нашага Касцёла, каб гэтая Папяльцовая серада была днём надзвычайнай малітвы і посту ў інтэнцыі міру, бо "для Бога няма нічога немагчымага" (пар. Лк. 1,37).
На гэтую справу ад усяго сэрца благаслаўляем.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
P. S. Паважаныя святары няхай прачытаюць гэтае паведамленне вернікам 27 лютага 2022 г.