Францішак спаслаўся на драматычную сітуацыю ва Украіне і пагрозу міру ва ўсім свеце. Ён заклікаў вернікаў прысвяціць Папяльцовую сераду, 2 сакавіка 2022 года, посту і малітве за мір.
"Я адчуваю вялікі боль у сваім сэрцы з прычыны пагаршэння сітуацыі ва Украіне. Нягледзячы на дыпламатычныя намаганні мінулых тыдняў, адкрываюцца ўсё больш і больш трывожныя сцэнарыі. Як і я, многія людзі ва ўсім свеце адчуваюць трывогу і заклапочанасць. Міру ўсіх пагражаюць прыватныя інтарэсы”, - сказаў Папа 23 лютага 2022 года падчас агульнай аўдыенцыі.
Пантыфік звярнуўся да тых, хто нясе палітычную адказнасць, “зрабіць сур'ёзны рахунак сумлення перад Богам, Які з'яўляецца Богам міру, а не вайны, Які з'яўляецца Айцом усіх, а не толькі некаторых, хоча, каб мы былі братамі, а не ворагамі”. Ён заклікаў усе бакі “ўстрымацца ад любых дзеянняў, якія прычыняць яшчэ большыя пакуты насельніцтву, дэстабілізуюць суіснаванне паміж дзяржавамі і дыскрэдытуюць міжнароднае права”.
Францішак запрасіў вернікаў і няверуючых зрабіць 2 сакавіка 2022 года, Папяльцовую сераду, днём посту ў інтэнцыі міру, паколькі “Езус вучыў, што на д’ябальскую бессэнсоўнасць гвалту адказвае Божая зброя: пост і малітва”. “Няхай Валадарка міру выратуе свет ад вар'яцтва вайны”, - звярнуўся Пантыфік.