20 лютага ў парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры (дэканат Гродна-Захад) адбылася святая Імша ў інтэнцыі а. Казіміра Жыліса, езуіта, у першую гадавіну яго смерці.
Святар быў пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці ў 1983-2000 гг.
На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі, каб дзякаваць Пану Богу за ўсё дабро, якое спазналі праз служэнне руплівага душпастыра, спачылага год таму, які вельмі шмат зрабіў для мясцовых парафіян і вернікаў навакольных парафій.
Імшу ўзначаліў выхаванец айца Казіміра – Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Канцэлебравалі Эўхарыстыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары.
Усіх прысутных прывітаў пробашч індурскай парафіі кс. Павел Астукевіч. Ён адзначыў, што парафія па сённяшні дзень застаецца вельмі ўдзячнай айцу Жылісу, які шмат гадоў з вялікай адданасцю служыў вернікам і клапаціўся аб святыні.
У гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што а. Казімір, які трывала ўпісаўся ў гісторыю індурскай парафіі і Гродзенскай дыяцэзіі, меў сэрца, адданае Божай волі, і ахвяраваў сваё жыццё Пану, служачы людзям днём і ноччу.
Іерарх падкрэсліў, што, прыносячы ў ахвяру ўсё сваё жыццё, а. Казімір паказаў такім чынам, што Бог заўсёды быў для яго першым і найважнейшым.
Пасля Імшы арцыбіскуп Станеўскі благаславіў прысвечаную спачыламу святару памятную табліцу, усталяваную на сцяне касцёла. Такім чынам духавенства, сёстры законныя, якія служаць сёння ў парафіі, і вернікі хацелі выказаць удзячнасць былому пробашчу, жадаючы, каб памяць пра яго заставалася жывой, каб наступныя пакаленні маглі памятаць, што вера на гэтай тэрыторыі захавалася дзякуючы таксама рупліваму служэнню айца Жыліса.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Валерыя Аўгустын