15 лютага ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах адбылася ўрачыстая Імша з нагоды літургічнага ўспаміну благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, святарa.
Культ благаслаўлёнага вельмі жывы ў гэтай парафіі, дзе знаходзяцца таксама яго рэліквіі. Сёлета прыпадае 47-я гадавінa з дня яго народзін для неба.
Імшу цэлебраваў пробашч парафіі кс. канонік Ян Пузына. У гаміліі ён засяродзіў увагу на людскіх слабасцях і спакусах. Святар прывёў у прыклад разважанні благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі на гэтую тэму, навучаючы, як зрабіць правільны выбар паміж дабром і злом, і раячы заўсёды шукаць Бога.
Благаслаўлёны Міхал Сапоцька нарадзіўся 1 лістапада 1888 года ў невялікім маёнтку Юшаўшчына Ашмянскага павета (зараз гэта Валожынскі раён), у той час, калі край быў пад панаваннем Расійскай імперыі.
З 1902 па 1906 г. навучаўся ў шасцікласнай школе ў Ашмянах. Затым скончыў духоўную семінарыю ў Вільні, служыў у парафіях у Таборышках і Анжадаве.
Перажыў дзве вайны, падчас якіх быў вайсковым капеланам. Працаваў у Варшаве, Вільні, быў спаведніком сястры Фаўстыны Кавальскай. Апошнія 15 гадоў жыў і выкладаў у духоўнай семінарыі ў Беластоку.
Міхал Сапоцька – постаць, знакамітая ва ўсім свеце. Дзякуючы яго адданасці служэнню Богу і людзям увесь свет пачуў аб Божай Міласэрнасці.
Вернікі ашмянскай парафіі маюць гонар і прывілеі таго, што рэліквіі благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі зараз знаходзяцца ў іх святыні. Парафіяне ўдзячныя Божаму Провіду за тое, што атрымалі такую вялікую ласку.
Вольга Эвейшыс